Віталь Рымашэўскі аштрафаваны на 45 базавых велічынь



Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Віталя Рымашэўскага аштрафавалі на 45 базавых велічынь (1.035 рублёў) за ўдзел у „Маршы абураных беларусаў” 17 лютага.

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта, прысуд быў вынесены судом Цэнтральнага раёна сталіцы на падставе паказанняў міліцыянера.

На суд Віталь Рымашэўскі асабіста вырашыў не ехаць.

— Вырак для мяне нечаканы, шчыра кажучы, бо я раніцай ужо сабраўся, склаў рэчы для таго, каб ехаць на суткі. І жонка была падрыхтаваная да таго, што мы можам не ўбачыцца пару тыдняў. Але быў прызначаны штраф. На жаль, у нас такая краіна і такія ўмовы ў краіне, што нават велізарныя штрафы гэта быццам бы добрая навіна. Хоць штрафы безумоўна таксама не падарунак з боку беларускіх уладаў. Я вядома рады, што хоць бы гэты дзень магу яшчэ правесці са сваёй сям’ёй. Сёння я ў суд не паехаў, бо ў мяне — сямейныя справы.

Чарговы суд над сустаршынёй БХД намечаны на 11.00 5 красавіка ўжо ў судзе Савецкага раёна. Таксама яго могуць судзіць за „Марш недармаедаў” у Бабруйску 26 лютага.

„Марш раззлаваных беларусаў” стаў першай масавай акцыяй супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і сабраў у Менску да трох тысяч удзельнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя