Віталь Рымашэўскі: У гэты дзень фашысцкую акупацыю змяніла савецкая



Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч мае намер правесці сёння ў 14.00 святочны сход на Кастрычніцкай плошчы. Ён заклікаў сталічныя ўлады выканаць патрабаванне Канстытуцыі і забяспечыць „бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства”. Прадстаўнік апазіцыі, сустаршыня беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі не прымае сёння ўдзелу ў афіцыйных святкаваннях, а таксама не збіраецца на Кастрычніцкую плошчу.

У гэты дзень фашысцкая акупацыя змянілася на савецкую. Абодва гэтыя рэжымы для Беларусі раўназначныя па той злачыннасці, якую яны неслі для беларускіх земляў. Нацысты палілі людзей, камуністы таксама забівалі, кідалі ў Курапатах, сотнямі тысяч высылалі ў Сібір, таму ніякім чынам адзначаць гэты дзень, як я лічу, немэтазгодна. Ствараць ажыятаж з нагоды гэтага «свята» толькі падтрымліваць канцэпцыю беларускіх уладаў пра тое, што гэты дзень і ёсць Днём Незалежнасці.

Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў ходзе рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года. Прадстаўнікі апазіцыі і іх прыхільнікі святкуюць 25 сакавіка – Дзень Волі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя