Віталя Рымашэўскага аштрафавалі за Курапаты



Суд Савецкага раёна Менска 29 красавіка пастанавіў аштрафаваць сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага на 50 базавых велічынь (1 150 рублёў) за ўдзел у мітынгу ля Курапатаў, які прайшоў 3 сакавіка.

Як паведаміў БелаПАН Віталь Рымашэўскі, яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

„Я выступіў на мітынгу 3 сакавіка. Гэта ўжо другі суд за акцыі ў абарону Курапатаў — першы быў за 27 лютага (у гэты дзень адбыўся агульны сход у лагеры абаронцаў Курапатаў каля будпляцоўкі на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і МКАД. — БелаПАН.), таксама 50 базавых велічынь”, — расказаў Рымашэўскі.

На працягу красавіка палітык неаднаразова падвяргаўся судам па адміністрацыйных справах. 4 красавіка яго аштрафавалі на 45 базавых велічынь (1 035 рублёў) за ўдзел у „Маршы абураных беларусаў” у Менску. 5 красавіка ён быў аштрафаваны на 50 базавых велічынь за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў 24 лютага, а 12-га — на 40 базавых велічынь за ўдзел у „Маршы недармаедаў” у Бабруйску 26 лютага.

Яшчэ раней Рымашэўскі адседзеў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі супраць дэкрэта аб „дармаедстве” ў Маладэчне 10 сакавіка.

БелаПАН

[manual_related_posts]