Вітольд Ашурак: Святкаваць Дзень Волі за кратамі лічу абразаю



Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак не з’явіўся ў Лідскі РАУС, куды яго выклікалі на 21 сакавіка позваю за ўдзел у “Маршы недармаедаў”, які прайшоў у Менску 17 лютага. Па словах актывіста, позва ў міліцыю за масавае мерапрыемства месячнай даўнасці – спроба пакараць яго напярэдадні Дня Волі адміністрацыйным арыштам і, такім чынам, не даць адсвяткаваць яго на свабодзе.

– Паехаць у Лідскі РАУС, атрымаць напярэдадні Дня Волі некалькі сутак (колькі ўжо дадуць) і адсвяткаваць 25 сакавіка за кратамі лічу для сябе абразай. Пасля правядзення Дня Волі ў Менску і Лідзе, безумоўна, я гатовы адсядзець столькі сутак, колькі мне дадуць, але толькі пасля Дня Волі.

Вітольд Ашурак не адмаўляе факту свайго ўдзелу ў “Маршы недармаедаў” 17 лютага і гатовы адбыць любое пакаранне, але пасля Дня Волі. Ён таксама не выключае свайго затрымання непасрэдна 25 сакавіка ў Менску ці на акцыі ў Лідзе, якая мусіць адбыцца 26 сакавіка ў 14 гадзін.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда