Вітольд Цыдзік: Сына забралі, але ён патрабуе гіпаалергенныя ўмовы быту



Гарадзенскі навуковец у галіне медыцыны Вітольд Цыдзік, пазбаўлены апекі над сваім сынам – падлеткам Уладзіславам.

Падставай стала фармулёўка камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Ленінскага раёна Гародні, як патрабуючага ў дзяржаўнай абароне. Вітольд Цыдзік здзіўлены, чаму так паспешліва сына адарвалі ад бацькі, і перадалі пад апеку сацыяльна-педагагічнага цэнтра:

– Забіраюць яго з кватэры, дзе ёсць усе ўмовы для жыцця, дзе ёсць у яго ўсё – і інтэрнэт, і тэлебачанне – усё што трэба хлопцу для нармальнай вучобы, для нармальнага жыцця, для нармальнага развіцця. Яго забралі ў гэты прытулак, дзе няма нічога. Дырэктар прытулку, намеснік дырэктара сядзяць у трохпакаёвых кабінетах, а дзеці – па пяць чалавек у пакоі. Яму патрэбны гіпаалергічны быт, гіпаалергенная дыета, дыета, якую прызначыў адмысловы урач, бо ў яго яшчэ праблемы з кішэчнікам. Нічога гэтага ў прытулку арганізаваць не маглі, нават кансультацыю спецыялістаў.

Адна з прычын накіравання сына ў сацыяльна-педагагічны цэнтр – беспрацоўе яго бацькі. Ужо пяты год Вітольд Цыдзік, пасля вяртання з ЗША, не можа ўладкавацца ў гарадзенскіх установах па спецыяльнасці.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя