Вітольду Ашурку ўсталявалі ў Бельгіі памятны знак



Памятны знак у гонар палітвязня Вітольда Ашурка ўсталявалі і асвяцілі ў беларускай царкве ў Антверпене 31 кастрычніка. На яго сабралі 3,5 тысячы еўра.

Стварэннем памятнага знака займаўся святар Іван Майсейчык, які служыць у антверпенскай царкве.

Нагадаем, палітвязень з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якога 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калоніі. Яму было 50 гадоў. Ашурак быў сябрам Партыі БНФ, каардынатарам руху «За Свабоду», чалавек быў бясконца адданы Беларусі. Апошнія два тыдні ад Вітольда не было лістоў.

Ашурка судзіў суддзя Максім Філатаў за зачыненымі дзвярыма па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста чатырма гадамі калоніі, а па другім — двума гадамі і чатырма месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася пяць гадоў.

Ашурка ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, пяць — за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз пяць дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш, крымінальную справу завялі ўжо тады.

16 верасня Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні — верасні. Калі Вітольду заставалася адбыць 2-3 сутак, яго перавялі ў гарадзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.

Наша Ніва