Віцебск: Парад Перамогі ў старых савецкіх традыцыях



Больш за ўсё Парад Перамогі ў Віцебску нагадваў першамайскую дэманстрацыю савецкіх часоў:  з плошчы Леніна да плошчы Перамогі калонамі прайшлі прадпрыемствы і навучальныя ўстановы горада. Недзе ў агульнай калоне практычна згубілася прадстаўніцтва так званага “Несмяротнага палка” – прарасейскай ініцыятывы, якая заклікала гараджан выйсці на парад з партрэтамі загінулых на вайне сваякоў. Ахвотных набралася чалавек пад 60, але і яны згубіліся сярод іншых людзей з партрэтамі, бо  ўжо колькі год запар завядзёнка раздрукоўваць партрэты ўдзельнікаў мінулай вайны, каб выйсці з імі 9-га траўня, практыкуецца і ў віцебскіх школах, і на прадпрыемствах.  Ініцыятыве “Несмяротны полк”, якой сёлета ў Віцебску забаранілі асобнае мерапрыемства, але дазволілі ўзяць удзел у супольным парадзе, вызначаў хіба толькі вялікі банэр  і  “георгіеўскі” памаранчова-чорны сцяг.  Гэты сцяг вядомы як сімвал НОД (Нацыянальна-Вызвольнага Руху), радыкальнай прарасейскай арганізацыі. Між тым менавіта віцебскія прадстаўнікі ініцыятывы  “Несмяротны полк” апошнімі днямі заклікалі асцерагацца правакацый і не выкарыстоўваць аніякую сімволіку, апрача дзяржаўных або чырвоных сцягоў.

Парад завяршыўся  на плошчы Перамогі кароткім мітынгам, у якім узялі ўдзел усяго трое выступоўцаў: вучань-старшакласнік, пенсіянерка, якая дзякавала Аляксандру Лукашэнку за стабільнасць, і старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарснёў – ён заявіў, што заходнія краіны спляжылі памяць пра перамогу над фашызмам, а Беларусь дбайна яе захоўвае. Мітынг скончыўся ўскладаннем кветак. І адразу стала заўважна, што многія людзі прыйшлі на плошчу Перамогі, каб зрабіць гэта прыватным чынам – без сцягоў і чырвона-зялёных стужак на вопратцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск