Віцебскага лекара Ігара Пастнова асудзілі за паклёп на пракурора



Справу, распачатую на падставе ч.2 арт. 188 КК РБ за “распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), размешчаных у глабальнай сетцы Інтэрнэт”, разбірала суддзя Бешанковіцкага раённага суду Наталля Рошчына.

Яна прызнала Ігара Пастнова вінаватым і прысудзіла яму тры гады “хіміі” – абмежавання волі з накіраваннем у прапраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З гэтым выракам Ігар Пастноў не згодны, ён мае час, каб яго абскардзіць.

Справа за паклёп на пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага была распачатая супраць двух жыхароў Віцебску: апрача Ігара Пастнова, пад суд трапіў Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард. У дачыненні да яго судовае разбіральніцтва яшчэ не завершана. Справы за паклёп на Юрыя Раманоўскага праходзяць у закрытым рэжыме, каб не разгалошваць сутнасць паклёпніцкіх звестак. Вядома, Ігар Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард разаслалі шэраг лістоў у замежныя амбасады з абвінавачаннем на адрас пракурора, а потым тую ж заяву размясцілі ў сацыяльных сетках.

У выраку, агучаным у дачыненні да Ігара Пастнова, падкрэсліваецца, што ягонае выпраўленне толькі праз абмежаванне волі і “ва ўмовах ажыццяўлення за ім нагляду”.

Ігара Пастнова ў Віцебску называюць “лекарам-праўдарубам”: ён працуе ў віцебскім псіхіятрычным дыспансеры і вядомы сваімі эмацыйнымі выступамі супраць кіраўніцтва галіны аховы здароўя ў Віцебску, супраць гарадскіх і абласных уладаў, супраць міліцыі і пракуратуры. Пасля адной з заяваў у 2013 годзе галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псіхіятрыі і наркалогіі Алена Мартынава ініцыявала яго змяшчэнне ў псіхіятрычную клініку на прымусовае лячэнне. Суд Віцебскага раёну санкцыянаваў гэтае рашэнне. Пазней Ігар Пасноў прайшоў незалежную псіхіятрычную экспертызу ў Маскве, каб аспрэчыць дыягназ, пастаўлены ў Віцебску. Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард – ягоны паплечнік, да змены імя і прозвішча ён зваўся Аляксандр Кірылаў, выхоўваўся ў дзіцячым доме і да гэтага часу не мае сталай працы.

Беларускае Радыё Рацыя