Віцебскага цесляра асудзілі за абразу міліцыянтаў



Гэта завяршэнне адной з больш як паўсотні заведзеных справаў за камэнтары пад допісам Вольгі Карач. 41-гадовага Аляксандра Сафонава прызналі вінаватым у абразе бабруйскага міліцыянта Андрэя Комара і ганцавіцкага Ігара Вольніча.

Сафонаў адмовіўся ад адваката. Ён сказаў, што ягонага клопату патрабуюць маці-пэнсіянэрка і сын, і прасіў не абмяжоўваць ягонай свабоды. Але судздзя Алена Жук пакарала яго двума з паловай гадамі «хіміі», паведаміла «Віцебская Вясна». Абражаныя міліцыянты на суд не з’явіліся. Паводле праваабаронцаў, толькі за абразу Вольніча завялі больш за 50 крымінальных справаў па ўсёй краіне. Абодва абражаныя сілавікі таксама атрымліваюць маральныя кампэнсацыі па 1000–1500 рублёў за раз.