Віцебская вобласць лідзіруе па колькасці людзей, якія перасягнулі 100-гадовы ўзрост



Найбольшая колькасць беларусаў, якія перасягнулі 100-гадовы ўзрост, пражывае ў Віцебскай вобласці, заявіла на прэс-канферэнцыі 16 кастрычніка ў Менску вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Алена Міхаленка.

Паводле яе слоў, у Беларусі жыве каля 450 чалавек старэйшых за 100 гадоў. У асноўным яны сканцэнтраваныя ў Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай абласцях.

„Наш інстытут супрацоўнічае з кафедрай геранталогіі Беларускай дзяржаўнай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, — сказала Міхаленка. — Нашы калегі самі не разумеюць, чаму [размеркаванне доўгажыхароў на мапе Беларусі] адбываецца менавіта так. Наколькі мне вядома, нават Уладзімір Караткевіч у свой час апісваў вёску ў Віцебскай вобласці, дзе людзі спрадвеку жылі па 100 і больш гадоў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з ладам жыцця”.

Яна адзначыла, што генетычныя асаблівасці чалавека ўплываюць на яго здароўе і працягласць жыцця прыкладна на 25%, а ў астатнім гэта залежыць менавіта ад ладу жыцця, харчавання і навакольнага асяроддзя. „Каб мы разумелі, як нам скарэктаваць свой лад жыцця, мы павінны ведаць свае генетычныя асаблівасці”, — падкрэсліла навуковец.

Загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Ірма Мосэ заявіла, што з дапамогай рэдагавання ДНК чалавека можна павялічыць працягласць жыцця ў некалькі разоў, а тэарэтычна нават дасягнуць неўміручасці.

„Але пакуль гэта, вядома, эксперыменты, прычым эксперыменты на жывёлах, — сказала яна. — Генетыка — усемагутная навука, яна дае каласальныя магчымасці. Вядома, мы ў нашым інстытуце яшчэ не валодаем такімі магчымасцямі, гэта даступна толькі самым прасунутым лабараторыям. Хоць у нас у Беларусі таксама ўжо пачынаюцца гэтыя даследаванні”.

„У прынцыпе, тэарэтычна можна падоўжыць жыццё да 500 і больш гадоў. Але ў гэтым выпадку з’яўляюцца этычныя пытанні, узнікаюць невядомыя пабочныя эфекты. Ці трэба гэта, каб людзі станавіліся несмяротнымі? Што тады, на іншую планету ляцець? Новыя людзі ж з’яўляюцца, трэба ім месца вызваляць”, — падагульніла Мосэ.

belapan.by