Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргі актывістаў



15 і 16 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе разглядаліся скаргі адразу на 6 пастаноў гарадскіх райсудоў, пададзеныя ўдзельнікамі пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Усе шасцёра актывістаў былі пакараныя штрафамі або арыштамі паводле артыкула 23.34 КаАП. Суддзя Ірына Смалякова ўсе рашэнні раённых судоў першай інстанцыі пакінула ў сіле, не задаволіўшы ніводную са скаргаў.

У раённых судах усіх актывістаў асудзілі па стандартнай схеме: іх прызналі вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Хаця яны бралі ўдзел у пікетах па зборы подпісаў, кажа Уладзімір Кійко:

– Я і сёння не разумею, чаму і міліцыя, і суды трактуюць пікет па зборы подпісаў як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У выбарчым кодэксе не пазначана, як трэба праводзіць пікетаванне: што там нельга хлопаць у ладкі ці трымаць нейкія плакаты ў руках. Усё, што не забаронена, – усё дазволена!

Віцебскі абласны суд не прыняў да ўвагі аргументы Уладзіміра Кійко, а таксама Алены Янушкоўскай, Людмілы Валадкевіч, Аляксандра Мацеюка, Паўла Пруднікава і Аляксея Прохарава.

На думку апошняга, такое рашэнне Ірыны Смаляковай было чаканым, але скаргі ў абласны суд маюць стратэгічае значэнне:

-Надзея памірае апошняй. Але як гэтая суддзя працуе – што Канстытуцыя для яе не аснова – дык яна ў любым выпадку пастановіць усё пакінуць як ёсць, без зменаў. Але каб у КПЧ нас пачулі, трэба прайсці ўсё гэта бюракратычнае пекла. Калі мы не можам тут нічога змяніць, то будзем крычаць у голас.

Віцебскія праваабаронцы, якія дапамаглі актывістам падрыхтаваць скаргі ў абласны суд, гатовы дапамагаць і далей. Усіх ахвотных яны будуць кансультаваць пра далейшыя крокі, а ў выпадку неабходнасці дапамогуць скласці скаргі і ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск