Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу аршанскай блогеркі



Суддзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова пакінула без зменаў пастанову аршанскага суду, які аштрафаваў блогерку Юлію Гранкову за анлайн-трансляцыю ў сацыяльную сетку «Аднакласнікі». Вердыкт — «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродку масавай інфармацыі». Таксама без зменаў засталася пастанова суду Воршы і Аршанскага раёну наконт штрафу за «непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі».

Сама Юлія Гранкова падчас судовага разбору ў Віцебску падкрэсліла, што  «Аднакласнікі» — гэта сацыяльная сетка, а не СМІ, а сама яна ніколі не называла і не лічыла сябе журналісткай. Ніякага супраціву міліцыянтам пры затрыманні ў Воршы яна не аказвала.

Анлайн-трансляцыя ў «Аднакласнікі» вялася Юліяй Гранковай з Аршанскай спецаўтабазы, куды яна прыехала разам з заалагічнымі актывістамі. Высветлілася, што сабакі ў пункце адлову ўтрымліваюцца ў кепскіх умовах. Аднак міліцыя адмовілася заводзіць справу па факту парушэнняў на спецаўтабазе, затое затрымала актывістаў. Блогерка Юлія Гранкова атрымала штраф у 46 базавых велічынь. Жыхарка Воршы стала першай у Беларусі блогеркай, аштрафаванай за наўпроставы эфір у сацыяльныя сеткі.

Беларускае Радыё Рацыя