Віцебскі гарвыканкам адмовіўся падтрымаць жалобную “чарнобыльскую” традыцыю



16 гадоў таму віцебскія ўдзельнікі наступстваў аварыі на ЧАЭС заснавалі жалобную ўрачыстую традыцыю. Штогод 26 красавіка яны пускалі па Дзвіне вянок з жалобнай стужкай, на якой напісана “Героям-ліквідатарам ад нас, жывых”. Сёлета яны звярнуліся да гарадскіх уладаў з прапановай перадаць ініцыятыву моладзі: каб вянок апускалі ў рэчку вучні спецыялізаваных класаў, якія рыхтуюцца працаваць у структурах міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У гарвыканкаме сказалі: “Няма праблем”. Але пасля мерапрыемства ва Успенскім саборы высветлілася, што вянка не будзе.

Аляксандр Мікулін, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уражаны такім падманам:

– У храме ўсё было добра, урачыста. Былі прадстаўнікі класаў, былі прадстаўнікі МНС, былі і мы, ліквідатары. Нас ужо мала засталося, але мы былі. Свечкі памяці запалілі, але мерапрыемства засталося незавершаным. Вянок у Дзвіну мусілі апусціць, але ж не! Улады чамусьці спаслаліся на царкву – што царква не ўхваляе спуск вянка. Хаця для мяне гэта незразумела: мы ж не прасілі, каб вянок апускалі царкоўныя служкі. Мы проста прасілі, каб гэта зрабіла моладзь, каб традыцыя перадалася наступнаму пакаленню.

Паводле спадара Мікуліна, у віцебскіх ліквідатараў і думкі не было, што іх падмануць. Не выключана, што ўладам не хочацца спрычыняцца да традыцыі, заснаванай некалі прадстаўнікамі апазіцыі – сацыял-дэмакратамі. Аляксандр Мікулін прыгадвае, што ў той час на чале партыйнай суполкі быў палкоўнік Анатоль Гнеўка, былы кіраўнік штабу аператыўнай групы грамадзянскай абароны СССР па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

– Сацыял-дэмакраты прапанавалі такую ініцыятыву, Анатоль Лявонцьевіч тады кіраваў абласной партыйнай арганізацыяй. Бо ні мемарыяльнай дошкі, ні памятнага знаку, ні іншага нейкага месца, куды ўскласці жалобны вянок ні тады не было, ні цяпер няма. Але хацелася б, каб гэтая ініцыятыва ўвасобілася да канца: каб спуск вянка праводзілі не пажылыя людзі, а моладзь – як даніна традыцыі.

Сёння 78-гадовы палкоўнік Анатоль Гнеўка прыйшоў на імпрэзу з кіёчкам, бо апошні год цяжка хварэе. Сябры прасілі гарвыканкам дапамагчы з транспартам, каб даставіць заслужанага чалавека на імпрэзу. Але не дачакаліся дапамогі і ў гэтым.

Чарнобыльскі вянок у Віцебску. 2018 год.

Ганна Ліпка для Беларускага Радыё Рацыя