Віцебскі незалежны журналіст Зміцер Казакевіч – на волі



Яго вызвалілі ўвечары 14-га жніўня, калі  ў Віцебску таксама пачалі масава выпускаць з-за кратаў  затрыманых пратэстоўцаў.

Зміцер Казакевіч не быў удзельнікам пратэстаў : 9-га жніўня ён знаходзіўся на плошчы Перамогі, каб асвятляць падзеі пасля асноўнага дня галасавання. Блізкія і сябры не ведалі, у парушэнні якога артыкула абвінавацілі  журналіста, пра гэта распавёў ён сам:

– Менавіта мяне судзілі паводле артыкула 23.34 КаАП. Я казаў, што гэта несправядліва, незаконна, што я выконваў свае журналісцкія абавязкі… Але ж не! Суды праходзілі ў ізалятары часовага ўтрымання, гэта быў такі канвеер… Ведаю людзей, да якіх прыходзілі вельмі моцныя адвакаты, але нічога яны не дабіліся.

Нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі журналіста пакаралі арыштам на 10 сутак, з іх ён адбыў толькі 5. Паводле Змітра Казакевіча, перад тым, як адпусціць на волю, усім асуджаным патлумачылі, што не адбытыя тэрміны не касуюцца. І ў нейкі нявызначаны момант міліцыя зноўку можа затрымаць журналіста, каб яшчэ на 5 сутак змясціць за краты.

Разам са Змітром Казакевічам быў затрыманы відэааператар Вячаслаў Лазараў, але яго адпусцілі праз 8 гадзін без складання пратакола. Яшчэ аднаго незалежнага журналіста, фатографа Ігара Мацьвеева, трымалі пад вартай 72 гадзіны, склалі пратакол паводле артыкула 17.1 КаАП нібыта за хуліганства, але суду над ім не было.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск