Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую асудзілі на 5 сутак арышту
Суддзя райсуду Кастрычніцкага раёна Ілля Белавус прызнаў жанчыну вінаватай за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці – за тое, што 30-га жніўня блогерка прайшла ў калоне ўдзельнікаў мірнага пратэсту і вяла адтуль стрым.
Два дні таму Алене Янушкоўскую пакаралі штрафам за падзеі падчас той самай акцыі, але за іншыя дзеянні – за тое, што яна вітала маніфестантаў бел-чырвона-белым сцягам з гаўбца кватэры сваёй сяброўкі Таццяны Севярынец.
Абодва суды прайшлі праз Скайп, бо Алена Янушкоўская ўжо тры дні знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. На волю яна мае выйсці толькі 6-га верасня. Сілавыя структуры імкнуцца застрашыць блогерку, бо яна падчас сваіх стрымаў паказвае праўду, лічыць Таццяна Севярынец:
– Па дзяржаўным тэлебачанні і гэтак далей паказваюць невялікую купку людзей, якія чымсьці незадаволены… А насамрэч – шмат людзей, тысячныя акцыі, і Алена паказвае гэта. Галоўнае, з гэтых стрымаў бачна, што абудзіліся людзі. Яны зразумелі, што яны людзі. Абудзілася іхняя годнасць.
Таццяна Севярынец палічыла, што за тры апошнія месяцы Алена Янушкоўская правяла за кратамі 16 сутак – і гэта былі не арышты, а прэвентыўныя затрыманні на адны або двое сутак напярэдадні судоў. Афіцыйна арышт блогерцы прысуджаны ўпершыню, і апроч гэтага судовага пакарання, на ёй “вісяць” больш за 120 базавых велічынь нясплочаных штрафаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
