Віцебскую назіральніцу абвінавацілі ў тэрарызме



Таццяну Стрыжнёву выдалілі з будынка школы №8 з міліцыяй: дырэктарка Алена Каралёва спачатку заявіла, што мае скаргі ад выбарцаў, што назіральніца замінае ім галасаваць, а потым ёй падалася небяспечнай сумка Таццяны Стрыжнёвай.

Жанчына шакаваная такім стаўленнем:

– Яна выклікала міліцыю на мяне, прыехалі два міліцыянты. Яна зноўку пачала мяне праганяць і абвінаваціла мяне ў тым, што ў маіх асабістых рэчах можа быць бомба ці ртуць! Я высыпала ўсё з пляцачка – дакументы, пару цукерак, асадкі… Добра, што побач былі выбарцы, мне адзін мужчына дапамог усё сабраць. А ведаеце, як яна мяне ўчора назвала? Гэта адукаваны чалавек, настаўнік, дырэктар школы? «Потусторонний наблюдатель»!

Таццяна Стрыжнёва – інвалід 2-й групы, ходзіць з кійком, але месца ў будынку школы ёй не знайшлося. Назіральніца вымушана лічыць тых, хто прагаласаваў, па-за сценамі школы №8, за метр ад уваходу ў будынак. Не дапусцілі ў памяшканне і назіральнікаў, якія сочаць за яўкай выбарцаў на трох участках сярэдняй школы №25.

Шасцёра незалежных назіральнікаў адсочваюць працэс праз вокны, распавёў Андрэй Кешанюк:

– «Вы не маеце права тут знаходзіцца, мы вас не дапускаем». Вось цяпер стаім, глядзім у вокны, як сабачкі! Думаю, так па ўсёй краіне, – гляджу, што паўсюль ідзе такі ціск. Кагосьці выдаляюць, кагосьці ў міліцыю забіраюць таксама… Мы сёння вырашылі не абвастраць сітуацыю. Таму што можна страціць паўдня – гэта як мінімум, а як максімум – займець «адміністратыўку».

Учора Андрэя Кешанюка і яшчэ пяцёх назіральнікаў забіралі ў Першамайскі РАУС, і яны насамрэч змарнавалі некалькі гадзін: пасля разбіральніцтва міліцыянты сказалі, што прэтэнзій да іх не маюць, і што адміністрацыя школы не мела падставаў, каб іх выдаліць з будынка. Аднак сёння паўтарылася тое самае.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск