Віцябляніну прысудзілі 4 з паловай гады за “падножку” міліцыянту
Справу 29-гадовага Алега Яфрэменкі разглядалі ў судзе Першамайскага раёну практычна ў закрытым рэжыме: спасылаючыся на складаную эпідэміялагічную абстаноўку, у судовую залю пускалі толькі сваякоў.
Суддзя Наталля Карабліна прызнала хлопца вінаватым паводле артыкулу 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Паводле міліцэйскага пратакола, ён падставіў “падножку” міліцыянту падчас сутыкнення сілавікоў з удзельнікамі нядзельнай акцыі пратэсту 13 верасня, у выніку чаго супрацоўнік міліцыі паваліўся і падрапаў далоні. Падчас выступу з апошнім словам падсудны папрасіў прабачэння ў пацярпелага, заўважыўшы, што ягоны ўчынак не заслугоўвае такога суровага пакарання, распавяла праваабаронца Ірына Траццякова:
– Ён звярнуўся да пацярпелага, зазначыўшы, што ім няма чаго дзяліць, і не было, і не будзе. І што ягоны ўчынак – не такое ўжо сур’ёзнае злачынства, каб яго так жорстка караць. Ён звярнуўся да сястры, папрасіўшы берагчы маці. Казаў пра разлуку з сынам Цімурам, з якім зараз працуюць псіхолагі. Апошняя, да каго ён звярнуўся, была жонка. Ён развітваўся.
Пракурор прасіла пакараць Алега Яфрэменку 6-цю гадамі пазбаўлення волі, суд вызначыў, што дастаткова будзе 4-х з паловай год у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
У Віцебску завяршыліся ўжо тры суды па крымінальных справах, распачатых паводле артыкулаў 364 КК і 366 КК (ужыванне гвалту да супрацоўнікаў МУС і службовых асобаў).
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
