Вобыск у доме кіраўніцы аб’яднання „Экадом” доўжыўся 11 гадзін



Вобыск у доме выканаўчага дырэктара грамадскага аб’яднання „Экадом” Марыны Дубінай завяршыўся, канфіскаваныя камп’ютары і тэлефоны, паведаміла БелаПАН супрацоўніца „Зялёнай сеткі” эколаг Хрысціна Чарняўская.

Міліцыя, якая прыбыла да дома Дубінай ў 7.10, паехала адтуль праз 11 гадзін. „Супрацоўнікі сілавога ведамства ўварваліся да яе раніцай, выбілі дзверы, ад удару Марына пацярпела. Увесь гэты час ад сёмай гадзіны раніцы людзям не давалі паесці”, — сказала Чарняўская.

Акрамя таго, вобыск, паводле яе слоў, праходзіў у журналісткі-фрылансара Марыны Кастылянчанкі, а таксама ў некаторых актывістаў анархісцкага руху. Канфіскаваныя камп`ютары, сродкі мабільнай сувязі, літаратура. Затрыманых няма.

Кастылянчанка ў размове з Чарняўскай пацвердзіла, што вобыскі звязаныя са справай на падставе ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб), распачатай па факце падпалу кактэйлямі Молатава білборда ў Івацэвічах 28 ліпеня.

Справу вядзе Івацэвіцкі раённы аддзел Следчага камітэта. Інфармацыя пра ўзгаранне паступіла ў раённы аддзел па НС 28 ліпеня прыблізна ў 2.40 ад жыхароў найбліжэйшых дамоў і прахожых. На YouTube з`явіўся відэазапіс з надпісам „Івацэвічы. Акцыя анархістаў супраць міліцыі”. Знятае, як два чалавекі кідаюць бутэлькі з запальнай сумессю ў рэкламны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам „Сіла закону ў яго выкананні”.

belapan.by