Вольга Гарбоўская: Кожны ўкраінец выконвае сваю ролю



Госць Радыё Рацыя грамадская дзяячка, актывістка Вольга Гарбоўская з Украіны распавяла пра бамбёжкі, пра тое, што думаюць звычайны жыхары гарадоў і як аб’ядналіся ўкраінцы, каб захаваць сваю краіну.

– Украінцы аб’ядналіся не толькі дзеля таго, каб дапамагаць вайскоўцам, украінцы аб’ядналіся, не звяртаючы ўвагу на расейскую агрэсію, каб краіна функцыянавала. Кожны робіць тое, што можа, хтосьці бярэ ў рукі зброю, хтосьці, нават калі выехаў за мяжу, працягвае працаваць і дапамагаць фінансава, каб працавала эканоміка і краіна. Кожны выконваю сваю ролю.

– Апошнім часам кажуць пра мірнае неба над Украінай, як пэўны сімвал, каб ЕС ці НАТА паўплывалі на закрыццё неба. Мы звычайна ў суразмоўцаў не запытваемся, дзе яны знаходзяцца, скажы, калі ласка, ці над табой зараз мірнае неба, там, дзе ты зараз знаходзішся?

– Насамрэч усё даволі адносна, таму што ва Украіне няма бяспечнага месца, ёсць больш такія гарачыя кропкі, ёсць больш такія спакойныя. Гэтай ноччу ў нас была трывога, мы зрываліся з ложка і беглі хавацца. Так што ёсць больш бяспечныя месцы так, але сёння была бамбёжка Луцка, была трывога і ў Франкоўску, і ў Львове, і ў іншых месцах па ўсёй краіне, так што ўсё вельмі адносна.

– Ты кажаш, што ўкраінцы аб’ядналіся, а ці палітыкі таксама аб’ядналіся? Бо мы памятаем розную палітычную абстаноўку ва Украіне.

– З таго, што мы бачым, а мы не ведаем, што адбываецца ў кулуарах, і справы, якія робяць нашы палітыкі таксама аб’ядналіся. Цяпер важна кінуць усе ўнутраныя сваркі і змагацца за тое, каб мы засталіся краінай і каб усе жахі спыніліся, і тое ж самае адбываецца з палітыкамі. Вядома, бываюць выпадкі здрады, яны ёсць і іх выкрываюць. І мы паглядзім, як кажуць, да гэтага моманту ўсё ішло да таго, каб аб’ядналіся не толькі ўкраінцы, але і палітыкі якія прымаюць рашэнні і плануюць нашы дзеянні, якія неабходныя для перамогі ў вайне.

Цалкам гутарку можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя