Вольга Іпатава адзначыла юбілей



Славутая беларуская пісьменніца, перакладчыца і грамадская дзяячка Вольга Іпатава 1 студзеня адзначыла юбілей.

Яна нарадзілася ў 1945 годзе ў Міры Карэліцкага раёна. Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме. Скончыла ў Гародні сярэднюю школу № 7 і Белдзяржуніверсітэт. Працавала на Гарадзенскім абласным тэлебачанні, у «ЛіМе», «Чырвонай змене», галоўным рэдактарам газеты «Культура», кіраўніком Саюза беларускіх пісьменнікаў…

Першы зборнік паэзіі Вольгі Іпатавай «Раніца» выйшаў з друку ў 1969 годзе. Потым свет пабачылі дзясяткі яе кніг, сярод якіх – і трылогія «Альгердава дзіда», прысвечана станаўленню буйнейшай у Еўропе сярэдневяковай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага.

Тры постаці пачынальнікаў і стваральнікаў Вялікага княства – Міндоўга, Гедыміна і Альгерда – паўстаюць на старонках значнай для нацыянальнай культуры па сваёй маштабнасці і мастацкай вартасці трылогіі пісьменніцы. Пісьменніцы, як пісаў Уладзімір Конан, удалося не проста паказаць шырокую гістарычную панараму падзей далёкай мінуўшчыны, не толькі самастойна прааналізаваць шматлікія замежныя і айчынныя крыніцы па гісторыі і культуралогіі, але і стварыць цікавыя, займальныя творы, якія з вялікай цікавасцю ўспрымае сучасны чытач.

Творчасць і грамадская дзейнасць Вольгі Іпатавай адзначана медалямі Францыска Скарыны і «100 гадоў БНР», а таксама ордэнам «Знак Пашаны». Творы яе ацэненыя прэміямі імя Барыса Кіта, імя Міколы Ганька, прэміяй «Залаты апостраф» і іншымі.

Шчыра віншуем Вольгу Міхайлаўну з юбілеем і жадаем ёй здароўя, творчых сіл і шчырых сустрэч на беларускай зямлі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя