Вольга Івашына: У следчых – феерычная фантазія



Сям’я гарадзенскага журналіста-даследніка Дзяніса Івашына атрымала афіцыйныя паперы пра тое, ў чым абвінавачваюць журналіста. Па гэтых паперах яго абвінавачваюць у “здрадзе дзяржаве”. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зняволення. Пра змаганне за атрыманне інфармацыі пра Дзяніса распавядае яго жонка Вольга Івашына:

– Я была вымушана звярнуцца ў камітэт дзяржкантролю і пракуратуру, каб усё ж прымусілі следчых адказаць. І ў гэтым адказе адкрылі, так бы мовіць, карты пра тое, што абвінавачваюць Дзяніса па ўжо вядомым нам артыкуле 365 „Умяшальніцтва ў справы супрацоўнікаў унутраных органаў” і першая частка артыкула 356, калі коратка, то здрада дзяржаве.

Вольга Івашына лічыць, што атрыманне інфармацыі пра новае абвінавачванне пакуль ніяк не паўплывала на іх жыццё: 

– Першае, так бы мовіць, было выдуманае, а гэтае дык увогуле феерычнае. У прынцыпе ад гэтага нічога не змянілася. Фантазія ў іх бурная, мы ужо зразумелі за апошні год дык дакладна. Мы і зрабіць нічога не можам, проста глядзім, як будзе развівацца сітуацыя. Адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні і мала што можа сказаць. Пазіцыю абароны ведае толькі Дзяніс і адвакат.

Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі ў гараденскай турме з 12-га сакавіка 2021 году і адзіным спосабам сувязі з ім з’яўляецца нечастае ліставанне і нейкая інфармацыя пра яго, якую можа перадаць з-за кратаў адвакат журналіста.

Беларускае Радыё Рацыя