Вольга Кавалькова: Ідзе гульня ў адны вароты



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Вольга Кавалькова распавяла пра тое, што 22 красавіка арганізатары Дня волі ў Менску будуць звяртацца ў суд.

Заяўнікі акцыі 25 сакавіка ў сталічным Кіеўскім скверы – Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Ігар Барысаў і Мікалай Казлоў – атрымалі з УУС Цэнтральнага раёна пратаколы аб здзяйсненні імі адміністрацыйнага парушэння па арт. 23.34 ч.2 (Парушэнне парадка арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства), што цягне за сабой штраф ад 20 да 40 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. Маўляў, на працягу 10 дзён заяўнікі не аплацілі паслугі міліцыі.

Вольга Кавалькова: Сітуацыя, безумоўна, дзіўная. Мы звярнуліся ў міліцыю з прэтэнзіяй па той дамове, якая была заключана, а зараз даведваемся, што на нас склалі пратаколы за тое, што, маўляў, да гэтага часу не аплацілі паслугі міліцыі.

Калі мы хадзілі ў ГУУС Менгарывканкама, то думалі, што вядзем перамовы, а аказалася, што тут гульня ў адны вароты. Маўляў, атрымаем свае грошы ў любым выпадку.

РР: Але ж спрэчка павінна вырашацца ў судовым парадку…

Вольга Кавалькова: Безумоўна. Пасля таго, як мы аднеслі прэтэнзію, нам паведамілі, што адказ знаходзіцца на подпісе ў кіраўніцтва. А зараз, улічваючы, што ўжо склалі пратаколы, мяркую, што наогул ніякай рэакцыі на наш зварот не будзе.

РР: Вашы далейшыя дзеянні?

Вольга Кавалькова: 22 красавіка будзем падаваць скаргу ў суд. Але, думаю, што ў хуткім часе і міліцыя перадасць адміністрацыйныя справы на нас у суд.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя