Вольга Кавалькова: Калі спатрэбіцца, то будзем судзіцца з міліцыяй



Адзін з арганізатараў Дня Волі Вольга Кавалькова распавяла пра свой паход у ГУУС Менгарвыканкама.

Як вядома, арганізатары святкавання Дня Волі ў Менску прынялі рашэнне адмовіцца ад аплаты паслуг міліцыі. Свае прэтэнзіі да працы сталічнай міліцыі былі сфармуляваны ў пісьмовай форме, іх аднесла ў ГУУС Менгарвыканкама Вольга Кавалькова.

Вольга Каралькова: Як вядома, рашэнне не плаціць было прынята па выніках таго, які нам выставілі рахунак за правядзенне мерапрыемства ў Дзень Волі. Згодна з дамовай, міліцыя павінна была аказаць паслугі па ахове парадку, але гэтага не здарылася, бо былі выпадкі затрымання людзей – Зміцера Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага.

Міліцыя нічога не рабіла, каб іх абараніць, і не давала арганізатарам інфармацыю пра тое, хто затрымліваў і дзе людзі знаходзяцца. Таксама былі пагрозы, што да ўдзельнікаў мерапрыемства будуць прыменены санкцыі за выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў за межамі Кіеўскага сквера, дзе праходзіў канцэрт. Акрамя таго, па дамове, міліцыя павінна была дзяжурыць да 21.00, але пасля 19.00 там ужо нікога не было.

РР: Чым закончыўся паход у ГУУС Менгарывканкама?

Вольга Каралькова: Мы напісалі прэтэнзію і аднеслі яе ў ГУУС Менгарвыканкама. Да 17 красавіка павінен прыйсці адказ.

У міліцыі таксама нам паказалі акт, у якім пазначана, што мы павінны заплаціць 6385 рублёў (250 базавых велічынь). Пры гэтым колькасць удзельнікаў акцыі была пазначана, як больш чым 1000 чалавек. Праўда, пры гэтым міліцыя не прадаставіла ніякіх аргументаў з нагоды таго, як вёўся падлік. Яны спасылаюцца, што інфармацыю пра колькасць удзельнікаў бралі… з Інтэрнэта. І гэта выглядае ўжо зусім смешна для юрыдычных домоўных адносін.

РР: Будзе суд?

Вольга Каралькова: Згодна з дамовай, якую мы заключалі, прадугледжана, што ўсе спрэчкі вырашаюцца перамовамі альбо ў судовым парадку. Зараз мы чакаем адказу з ГУУС Менгаарвканкама, а паралельна рыхтуем прэтэнзію на той акт, які быў прадастаўлены міліцыяй. Мы яго не падпісвалі і будзем абскарджваць. А, калі спатрэбіцца, то пройдзем і праз суд.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя