Вольга Кавалькова: Мы маем дазвол на „Чарнобыльскі шлях”



Сталічныя ўлады далі дазвол на правядзенне “Чарнобыльскага шляху” 26 красавіка. Пра гэта распавяла сустаршыня аргкамітэту партыі БХД, адна з заяўнікаў мерапрыемства Вольга Кавалькова. Паводле яе, сцэнар правядзення акцыі гарадскія ўлады зацвердзілі часткова:

Першапачаткова мы планавалі збірацца каля Акадэміі навук. Зараз такі сцэнар. З 18.00 да 18.30 будзе збор людзей каля кінатэатра «Кастрычнік». З 18.30 да 20.00 будзе шэсце да Чарнобыльскай капліцы. І з 20.00 да 23.00 будзе мітынг-малітва з ускладаннем кветак да Чарнобыльскай каліцы. Таксама намі падавалася заяўка на правядзенне мітынгу каля Акадэміі навук, якая не была задаволена. Агулам усе мерапрыемствы скараціліся на адну гадзіну.

Аргкамітэт на адмысловым пасяджэнні ўдакладняе апошнія акалічнасці правядзення “Чарнобыльскага шляху”. У гэты дзень сваё мерапрыемства каля чарнобыльскай Капліцы правядуць таксама ўлады, будуць усталяваныя загародкі, якія застануцца і на час правядзення акцыі дэмакратычнай супольнасцю.

Да 24 красавіка заяўнікі акцыі павінны дамовіцца з камунальнікамі, ды праваахоўнікамі, чые паслугі будуць верагодна бясплатнымі, а таксама з медыкамі, чые паслугі давядзецца аплаціць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя