Вольга Кавалькова: Прынялі рашэнне – не плаціць за паслугі міліцыі



Арганізатары „Чарнобыльскага шляху” настойваюць, што не павінны плаціць за так званыя „паслугі” міліцыі і іншых службаў. Як вядома, Менгарвыканкам дазволіў шэсце і мітынг у Менску 26 красавіка. Збор удзельнікаў каля прэзідыуму Акадэміі Навук у 18 гадзін. Шэсце па праспекце Незалежнасці, вуліцам Сурганава і Арлоўскай да царквы на перакрыжаванні вуліц Арлоўская і Карастаянавай, дзе запланаваны мітынг. Але Менгарвыканкам падкрэсліў неабходнасць заключэння дамовы і аплаты паслугаў некаторых службаў, у прыватнасці міліцыі. Прычым сума атрымліваецца вялікая — каля 7 тысяч 800 рублёў.

Па словах адной з заяўніц „Чарнобыьскага шляху”, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай, падобныя ўмовы непрымальныя.

– Гэта парушае артыкул 35-ы Канстытуцыі „Аб праве на мірны сход для грамадзян”. Мы дамаўляемся на сустрэчу з ГУС Менгарвыканкама, каб атрымаць ад іх дакументы, колькі па іх падліках будзе для нас каштаваць гэтае мерапрыемства. І пасля будзем прымаць рашэнне пра тое, ці будзе гэта ў такім фармаце. Але на першым аргкамітэце было прынята рашэнне, і на другім, які адбыўся, што мы адмаўляемся аплочваць паслугі міліцыі.

Зараз арганізатры мерапрыемства вырашаюць, у якім фармаце яно будзе праводзіцца. „Мы падкрэсліваем, што нават калі мы не будзем аплочваць гэтыя незаконныя і неканстытуцыйныя так званыя „паслугі”, то ўлады не маюць права прызнаваць мерапрыемства несанкцыянаваным. Таму пакуль мы не адмаўляемся ад правядзення „Чарнобыльскага шляху”, – сказала Вольга Кавалькова.

Беларускае Радыё Рацыя