Вольга Корбут за 40 тысяч даляраў
На лонданскім аўкцыёне Крысці 6 кастрычніка выставяць на продаж карціну „Вольга Корбут„. Праца шатляндскай мастачкі Люсі Маккензі ацэньваецца ў 20-30 тысяч фунтаў стэрлінгаў, альбо прыкладна 26-40 тысяч даляраў ЗША, піша myfin.by.
Палатно, можна сказаць, эпічнае: яго даўжыня 2 метры 13 сантыметраў, а вышыня больш 1 метра, паведамляецца на сайце аўкцыёну. Створана карціна ў 1998 годзе.
Славутая беларуская гімнастка, нараджэнка Гародні, выяўлена цікавай манерай. Корбут на карціне разбіта на палоскі-фрагменты, глядач бачыць яе нібыта праз вялізную шкляную прызму.
На сайце лонданскай галерэі Saatchi сказана, што мастачка выбрала не момант трыумфу Вольгі Корбут, калі яна выйграла тры золаты на Алімпіядзе 1972 году ў Мюнхене, а паразу гімнасткі на паралельных брусах, аднак гэтым выступам яна заваявала сэрцы мільёнаў людзей.
Беларускае Радыё Рацыя
