Вольга Кронда: Узялі біяматэрыял і распытвалі пра „партызан”



Тыя, хто адбывае ў Беларусі „дамашнюю хімію”, падвяргаюцца пераследу і прыніжэннем міліцыянтамі пры любой нагодзе.

Пра тое, як жывецца „дамашнім хімікам” мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі” Вольгай Крондай:

Зноў прыходзілі біяматэрыял бралі. Сказалі: „Добры дзень. Адчыніце, міліцыя”. Я пытаю: „Што трэба?”. „Адчыніце, трэба апытаць”. Я адкрыла і выйшла на пляцоўку. Бачу, падымаюцца двое мянтоў, адзін гады 22, а другі гадоў 30. „Вольга Мікалаеўна, трэба ваш тэлефон агледзець”. Я кажу: „Я не дам свой тэлефон аглядаць”. „І ў кватэру прапусціце”. Я кажу: „Не”. „Нам далі заданне агледзець тэлефон”. Я кажу: „Перадай таму, хто даў заданне, няхай дасылаюць позву. Я па законе на працягу трох дзён з’яўлюся з адвакатам”. Кажу: „Так я не дам тэлефон агледзець, а тым больш у кватэру не пушчу”. Ён мне: „Зараз у РАУС праедзем”. Я кажу: „Я не паеду без адваката ў РАУС”. Ён на мяне: „Я зараз сілу прымяню”. „Я дам здачы”. „Мы пры выкананні”. Карацей у выніку яны камусьці патэлефанавалі, дазволілі пакуль не аглядаць тэлефон. Дастаў паперу і пачаў у мяне пытаць у якіх я экстрэмісцкіх чатах у тэлеграм-каналах, якія навіны чытаю. Я сказала, што ніякіх навін не чытаю. Пасля спытаў ці ёсць я ў чатах, дзе пішуць пра вайна ва Украіне. Сказала, што ў такіх чатах мяне таксама няма. Дастае капэрту з ватнымі палачкамі, кажа: „Давайце сліну”. Я пытаю: „З чаго гэта?”. „Нам далі заданне ўзяць біяматэрыял”. Я зрабіла, аддала. Пакуль адзін падпісваў капэрту, мае дадзеныя, другі спытаў з кім я пражываю. Спытаў дату нараджэння і нумар тэлефона маці, спытаў ці поўнагадовае дзіцё. „Дзе вы былі 14-га сакавіка?”. Я кажу: „Дома”. „А хто пацвердзіць можа?”. Я кажу, што ў будныя дні я заўсёды дома, у садок дзіця завяду. Яны кажуць: „14-га сакавіка гэтага года на станцыі Даманава ў нашым раёне хтосьці пашкодзіў чыгуначныя шляхі, быў спынены рух. Скажыце, можа вы ведаеце, хто гэта мог зрабіць?”. „Вы ў сваім розуме?”. Мяне апыталі, узялі маю сліну і сышлі, сказалі чакай позву. Я была ў РАУС, нас па выходных выклікаюць на прафілактычныя гутаркі. Я пытаюся там у адной інспектаршы: „Чаму нас дзёргаюць?”. Яна: „Дзёргаюць палітычных”. Узялі біяматэрыялы, у кагосьці валасы, у кагосьці сліну ўзялі, будуць рабіць экспертызу і на допыт будуць выклікаць усіх. Шукаюць, не могуць знайсці, можа быць мы ведаем, хто гэта зрабіў. Пакуль на гэтым адвязаліся.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

З Вольгай Крондай з Івацэвіч размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя