Вольга Мікалайчык – на волі



Увечары, пасля 10 сутак арышту, з-за кратаў спецпрыёмніка на Акрэсціна выйшла прэвентыўна затрыманая напярэдадні акцыі 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы Менску кінадакументалістка і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык.

Яна без сваёй прысутнасці папярэдне была асуджаная за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе 3 ліпеня. І гвалтоўна затрыманая ўвечары на выхадзе з крамы 4 верасня ў Менску.

Ля Акрэсціна Вольгу сустракалі звыш дзясятка родных, сяброў і паплечнікаў. Яна распавяла пра ўмовы ўтрымання, якія назвала “ўзаконенымі катаваннямі”. Пацвердзіла, што не баіцца рэпрэсій і перакананая, што на верным шляху.

“Лукашэнка мяне і Вянярскага, не самых маладых, відаць, найбольш баіцца, калі нават Статкевіча выпусціў!” – пад агульны смех прысутных прамовіла яна.

Як творца, Вольга думае засяродзіцца да канца года на працы над заканчэннем дакументальнага кіно “Гулаг Бульбаш” – пра падзеі вакол Курапатаў і пра катаванні над іх ахвярамі.  Яна мяркуе прадставіць яе на бліжэйшым міжнародным кінафоруме ў Рызе. Але здымкі і мантаж весці ва Украіне, дзе можна беспакарана ўзяць апаратуру ў арэнду.

Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Радыё, Менск

Фота аўтара