Вольга Мікалайчык знаходзіцца ў ізалятары?



Вольгу Мікалайчык затрымалі і вывезлі ў невядомым напрамку. Гэта здарылася ўвечары панядзелка на вуліцы Валгаградскай у Менску. Вядома, што ў Вольгі застаюцца нясплочаныя штрафы за папярэднія акцыі.

Да яе падышоў чалавек у цывільным, паказаў пасведчанне, затым пасадзіў у сіні бус і звёз у невядомым накірунку.

З гэтага сіняга буса Вольга Мікалайчык паспела патэлефанаваць сваёй сяброўцы Наталлі Міцкевіч:

Мы з Вольгай дамовіліся крыху раней, што паколькі я і сілу розных абставін, пастаянна сяджу дома, калі нешта з ёй здараецца, яна званіць мне. Учора яна пазваніла прыблізна у 19:20 і сказала: Наташа, я выйшла з дому па справах, да мяне падышоў чалавек, невыразна прадставіўся і паказаў нейкі дакумент і настойліва параіў пайсці з ім у машыну. Мы селі ў сіні аўтобус і я табе адсюль званю. Куды мяне вязуць я не ведаю, на гэтым размова скончылася.

Раней актывістку асудзілі на 10 сутак за акцыю салідарнасці з палітвязнямі і супраць расейскіх вайсковых баз, якая адбылася ў чэрвені. На думку паплечніка Вольгі Леаніда Кулакова, яе забралі адбываць прысуджаны яшчэ месяц таму адміністрацыйны арышт:

— Каманда была дадзена канкрэтна Цэтральным РУУС. Магчыма яе ўзялі, пасадзілі ў бус, адвезлі ў РУУС, дзе яна прабыла нейкія пару гадзін і яе адправілі ўжо на Акрэсціна. Яны ж праслухоўваюць тэлефоны і па тэлефоне вызначаюць, дзе чалавек знаходзіцца.

Сам Леанід Кулакоў таксама мае прысуджаны, але не адбыты ў ізалятары, адміністрацыйны арышт. Таму кажа, што калі і выходзіць на вуліцу, то бярэ з сабой так званы “трывожны чамадан”, то бок неабходныя ў зняволенні рэчы. Акрамя таго, у панядзелка 4 верасня Леанід Кулакоў, быў аштрафаваны на 645 рублёў за адзіночны пікет у падтрымку лідараў незалежных прафсаюзаў, які адбыўся 14 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя