Вольга Мікалайчык: З’язджаю ва Украіну



Грамадская актывістка Вольга Мікалайчык распавяла, чаму яна прадае дом.

Нагадаем, што за ўдзел у шматлікіх акцыях Вользе рэгулярна налічваюць штрафы, якія яна аплаціць не ў стане. На гэты момант, па яе словах, яна павінна заплаціць каля 7500 тысяч даляраў. У той жа час судовыя выканаўцы наклалі арышт на дом актывісткі.

Вольга Мікалайчык: Дом і так збіралася прадаваць, бо там патрабуецца сур’ёзны рамонт, і гэтую зіму мы з мамай ужо не перажылі б. А на рамонт фінансаў, натуральна, няма. Таму жыллё ў цэнтры сталіцы прададзім і купім нешта больш таннае за горадам па лініі, дзе ходзяць электрацягнікі. Думаю, застанецца грошай, каб яшчэ і штрафы аплаціць. А я вырашыла, што з’язджаю ва Украіну на працу.

РР: Не ў эміграцыю збіраецеся?

Вольга Мікалайчык: Безумоўна, не ў эміграцыю. Я наадварот збіраюся рэгулярна прызджаць у Менск, калі тут будуць праходзіць нейкія значныя палітычныя падзеі. Проста ў Кіеве працаваць больш вольна, там больш цікавае жыццё. Буду спакойна пісаць сцэнары і ведаць, што сёння альбо заўтра да мяне ў кватэру не пагрукаюць, не арыштуюць, не забяруць камп’ютар.

Судовыя прыставы, дарэчы, ведаюць, што я збіраюся з’язджаць, але перашкодаў на выезд з нагоды запазычанасцей чыніць не будуць. Калі я прадам дом, вымушана буду аддаць прыставам грошы за штрафы, бо без гэтага не будзе зняты арышт на продаж. Таму прадам дом і разлічуся. Ведала, на што ішла…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя