Вольгу Маёраву перакідваюць у розныя СІЗА, яна захварэла на каронавірус



8 красавіка сын зняволенай актывісткі Вольгі Маёравай Сяргей Зіямаў атрымаў некалькі лістоў ад маці. З іх зразумела, што Вольгу пасля СІЗА КДБ адправілі ў СІЗА на Валадарскага, а пасля праз баранавіцкую турму — у Гародню.

Вольга Маёрава піша, што 16 сакавіка яе перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА №1 на Валадарскага. Там яна правяла 5 сутак, пасля чаго яе нечакана перавялі ў Гародню, але па дарозе туды яна пабывала ў Баранавічах (ліст адтуль датаваны 22 сакавіка).

«Калі-небудзь дзе-небудзь я напэўна зраблю паўзу ў сваіх вандраваннях, гадоў на 15, магчыма», — сумна жартуе Вольга.

Таксама яна піша, што ў СІЗА на Валадарскага да яе так і не прыйшоў адвакат.

Вольга піша, што ёй не хапае кіпяцільніка, бо піць сырую ваду з-пад крана немагчыма. Раней ёй давалі яго сукамерніцы, але цяпер яна сядзіць у камеры адна.

23 сакавіка, пасля двух начных пераездаў, Вольгу прывезлі ў Гародню.

«Абстаноўку камеры апісваць не буду, мая мова надта слабая, каб выказаць захапленне, якое мяне ахапіла. Скажу толькі, што маё знаёмства з гістарычнымі славутасцямі Гародні стала нашмат больш поўным», — піша зняволеная.

Як вынікае з ліста ад 27 сакавіка, напярэдадні Вольгу наведаў адвакат, і яна атрымала пасылку ад сына і піша, што з яе вынялі сыр і мёд.

«Сёння я зразумела, што ў мяне яўна „карона”, зноў трэба „прастукваць” лёгкія, іначай аж спіна балець пачынае», — паведамляе Вольга Маёрава. Яна зазначае, што абавязкова будзе хадзіць на шпацыр — у мінулы раз ад хваробы яе выратавала свежае паветра.

«Я па-ранейшаму зусім не разумею, што я раблю ўва ўсёй гэтай гісторыі і чаму мяне вытыркнулі ў Гародню», — піша Вольга.

Яна распавядае, што чуе званы Фарнага касцёла і адчувае пах шашлыка з рэстарану непадалёк. Жанчына прапануе сыну лічыць, што яна занялася экстрэмальным турызмам.

Вольга піша, што калі-небудзь яна прыедзе ў Гародню і абыйдзе вакол сцен сваёй цяперашняй вязніцы.

Нагадаем, Вольга Маёрава знаходзіцца за кратамі з 4 студзеня. Яна праходзіць па справе Мікалая Аўтуховіча аб тэрарызме.

novychas.by