Воўк напаў на людзей у пасёлку Камарын Брагінскага раёна



Воўк напаў на людзей у гарадскім пасёлку Камарын Брагінскага раёна, паведамілі БелаПАН мясцовыя жыхары. Першы выпадак адбыўся 2 студзеня на аўтастанцыі каля 7 гадзін раніцы.

„Мужчына чакаў аўтобус, стаяў на вуліцы, і ў гэты момант падбег воўк і схапіў яго за куртку. Добра, што рукі былі ў кішэнях. Потым у той жа дзень а палове восьмай раніцы на аўтазаправачнай станцыі мясцовы жыхар купляў цыгарэты і заўважыў жывёліну, падобную на вялікага сабаку. Аказалася, гэта быў воўк. Калі мужчына падыходзіў да касы, воўк укусіў яго за руку. Пасля гэтага воўк пайшоў у лес, гэта вызначылі па слядах”, — расказалі жыхары Камарына.

Паводле іх слоў, 3 студзеня прыкладна ў дзесяць гадзін вечара ваўка зноў бачылі ў пасёлку — на вуліцы Калгаснай.

„І нікому галава не баліць. Начальства на машынах ездзіць, іх адтуль воўк не выцягне”, — кажуць вяскоўцы.

Старшыня Камарынскага сельскага савета Віктар Свіслоўскі пацвердзіў БелаПАН інфармацыю: „Быў такі выпадак, забягаў воўк, цапнуў чалавека за руку на аўтазапраўцы. Мы заявілі аб тым, што адбылося, ва ўсе службы, мясцовыя паляўнічыя ўжо два дні дзяжураць, чакаюць ваўка, ажыццяўляюць нагляд, але пакуль яго не высачылі. Паляўнічыя дзяжураць у лесе, паколькі ў населеным пункце забаронена страляць. Міліцыя таксама ў курсе, усе службы задзейнічаныя”.

Паводле дадзеных на 4 студзеня ваўка ў раёне Камарына пакуль не застрэлілі.