Вучыцца за мяжу з Менска з’ехалі 815 выпускнікоў 2021 года



Сёлета 815 выпускнікоў сталічных школ з’ехалі вучыцца за мяжу. Такую лічбу сёння, 27 жніўня, назвала старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталля Праскурава, піша reform.by.

„У гэтым навучальным годзе, атрымаўшы атэстаты аб сярэдняй адукацыі, з’ехалі 815 выпускнікоў-мінчукоў для працягу навучання за мяжой”, — цытуе яе словы БелТА.

Праскурава лічыць, што ад’езд выпускнікоў для атрымання адукацыі за мяжой сведчыць: іх навучаюць добра, але выхоўваюць дрэнна.

„З гэтага можна зрабіць выснову: навучаем мы іх добра, а вось выхоўваем дрэнна», — сказала Праскурава.

Чыноўніца таксама ацаніла вынікі выпускных экзаменаў. Паводле яе слоў, 56% навучэнцаў базавай і 71% выпускнікоў сярэдняй школы атрымалі адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню, аднак у цэлым узровень ацэнак знізіўся. Яна лічыць, што гэта звязана з адсутнасцю профільных класаў.

„Інфарматыку на павышаным узроўні не вывучалі ні ў адной установе адукацыі, профільных фізіка-матэматычных і хіміка-біялагічных класаў было вельмі мала для горада Менска”, — сказала прадстаўніца Мінгарвыканкама.

novychas.by