Вячаслаў Сікора пра пераслед, затрыманне ФСБ і тэатралізаваны інфаркт



Госць Радыё Рацыя – актор і рэжысёр Вячаслаў Сікора. Ён працаваў у тэатрах Менска, Магілёва, Масквы і на радыё. Пасля выбараў 2020 года трапіў пад пераслед рэжыму Лукашэнкі.

РР: Калі я чытаў Вашыя інтэрв’ю, то прыйшоў да высновы, што Вас моцна змянілі апошнія прэзідэнцкія выбары.

Вячаслаў Сікора: Мяне моцна змяніў кіеўскі Майдан. Я працаваў у Маскве рэжысёрам, і паехаў на пару дзён, каб паглядзець, быць сведкам гістарычных падзеяў. Паехаў на два-тры дні, а застаўся на ўвесь Майдан.

РР: Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Вы трапілі пад пераслед.

Вячаслаў Сікора: Бо я меў дужа актыўны погляд на падзеі. Я працаваў у Шчучыне ў дзяржструктурах, адкуль мяне звольнілі перад самымі выбарамі. Сказалі, што нам такія тут не патрэбныя. І я пачаў кожны дзень выходзіць у стрым. Пасля я вярнуўся ў Магілёў і пачаў там падымаць рух пратэсту, збіраць каманды, каб бараніць нашых дзяўчат, бо разумеў, што іх будуць збіваць на нашых майданчыках. І аднойчы прыйшла раніца, калі мне пагрукалі ў дзверы, быў вобшук і я трапіў на допыт. Але я зразумеў, што на другі допыт трапляць нельга, і прыйшлося з’язджаць.

РР: Уцякаючы ад пераследу, Вы накіраваліся ў Расею.

Вячаслаў Сікора: Я тапіў у палон. Мяне ўзялі на пераходзе “Тры сястры”. І там мяне прынялі супрацоўнікі ФСБ. І мне прапанавалі, або два гады сядзець у Расеі, або дэпартацыю. Мяне пасадзілі ў асобны пакой і сказалі думаць. Ёсць такія ўрокі акторскага майстэрства, калі трэба ўжыцца ў нейкі вобраз. І я падумаў, калі я зараз не зраблю тое, каб атрымаць Оскара за акторскае майстэрства, то мне грош цана як рэжысёру, актору і як чалавеку. У той момант я інсцэніраваў інфаркт і мне выклікалі “хуткую дапамогу”.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя