Вячаслаў Сіўчык: Ва ўсё часы знаходзяцца людзі для геройскіх учынкаў



Паўтысячы ўкраінскіх гімназістаў і студэнтаў выйшлі пад Крутамі на бой, каб спыніць бальшавіцкую навалу на Кіеў. Было гэта ў 1918 годзе. Беларускія апазіцыйныя актывісты згадалі пра гэтую гераічную дату падчас ушанавання памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Курапатах.

Гаворыць стваральнік Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:

– Гэта быў подзвіг моладзі, якая ішла бараніць Украіну. У той час афіцеры, якія прайшлі вайну, у колькасці некалькі тысячаў, думалі, якая ўлада павінна быць і хто яны такія. Пасля прыйшла “красная шваль” і проста іх выразала. Студэнты тады ратавалі як маглі. У мяне была ва Украіне размова з афіцерам УПА, які адседзеў каля 30 гадоў. “Вячаслаў, – сказаў ён, – калі я быў у лагеры, я верыў, што ўкраінская нацыя пераможа, але я тады яшчэ проста не ведаў, што робяць грошы”.

Паводле меркавання некаторых украінскіх аналітыкаў, карупцыя ў нашай паўднёвай суседкі на сённяшні дзень удвая пераўзышла карупцыю часоў панавання прэзідэнта Януковіча, што не дае магчымасці наладзіць паўнавартасны дыялог з Захадам.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.