Вячаслаў Цяліцын: Цярпення ўжо няма
Жыхар Віцебска Вячаслаў Цяліцын абвясціў , што далучаецца да агульнабеларускага страйку: 1-га снежня ён падаў адпаведную заяву кіраўніцтву ААТ “Віцебскія дываны”, дзе ён працуе аператарам і мае 6-ты працоўны разрад. Праз тры дні страйковец атрымаў папярэджанне аб звальненні за парушэнне працоўнай дысцыпліны.
Пра тое, чаму ён, адзіны працаўнік з усяго абласнога цэнтра, наважыўся на страйк, з Вячаславам Цяліцыным паразмаўляла Ганна Ліпка:
– Патэлефанаваў з аддзела кадраў прадстаўнік: „Разумееце, што вы парушаеце працоўную дамову?! Мы павінны прыняць меры”. Могуць звольніць. Я доўга абдумваў гэты ўчынак, ну і адважыўся. Таму, што цярпення ўжо няма, гледзячы на ўсе гэтыя падзеі, вырашыў заявіць свой пратэст вось такім законным чынам.
Вячаслаў Цяліцын – адзіны страйковец у Віцебску, які наважыўся на далучэнне да агульнабеларускага страйку, нягледзячы на пагрозу звальнення.
Днямі стала вядома, што з наваполацкага прадпрыемства “Нафтан” звальняюць кіраўніцу аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў Вольгу Брыцікаву – адну з актыўных удзельніц пратэстнага руху.
17 жніўня на сустрэчы з кіраўніцтвам камітэта дзяржкантроля яна агучыла патрабаванні ад імя працоўнага калектыву да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў. У тым ліку патрабаванне пра адстаўку Лукашэнкі і Ярмошынай, спыненне міліцэйскага гвалту і вызваленне палітвязняў.
Беларускае Радыё Рацыя
