Вядомыя лозунгі, пад якімі пройдзе «Чарнобыльскі шлях»
У сядзібе Беларускай партыі «Зялёныя» адбылася адкрытая сустрэча і прэс-канферэнцыя аргкамітэта «Чарнобыльскі шлях» да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС. Напярэдадні стала вядома, што ганаровым старшынём аргкамітэту пагадзілася стаць нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Ужо вядома, пад якімі лозунгамі пройдуць сёлета памятныя мерапрыемствы. Іх агучыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
— Ёсць тры слоганы: «Чарнобыль ня скончаны — катастрофа працягваецца», «Не Астравецкай АЭС», і «Чарнобыль — трыццаць гадоў хлусні Крамля». Трыццаць гадоў хлусіла маскоўская, крамлёўская ўлада пра наступствы Чарнобыля, сёння і ўжо 22 гады хлусіць улада Аляксандра Лукашэнкі. Людзі не ведаюць, што ім пагражае, не ведаюць, якія прадукты яны спажываюць і іх няма праўдзівай інфармацыі пра тое, чым Чарнобыль пагражае людзям сёння.
Збор удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» запланаваны а 18-ай гадзіне 26 красавіка. Маюць адбыцца традыцыйныя шэсце і мітынг.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
