Вядучы бізнэс-аналітык EPAM не выйшаў пасля сутак



Супрацоўнік EPAM Дзяніс Насура не выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту.

На яго заведзеная крымінальная справа, паведамляе сайт dev.by. Пра гэта стала вядома ад знаёмых Дзяніса.

Пасля затрымання 9 снежня яго асудзілі на 13 дзён паводле артыкула 19.11 частка 2 адміністрацыйнага кодэкса (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Бізнэс-аналітык адбыў іх у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Але пасля 13 сутак Насуру затрымалі яшчэ на 10 сутак па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства.

Перад самым Новым годам Дзянісу прад’явілі абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, мера ўтрымання — арышт на два месяцы. З 31 снежня ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарцы. Неўзабаве пасля затрымання Дзяніса Насуры ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася відэа, у якім айцішнік распавядае, што ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у пратэстах і быў падпісаны на тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі.

У Дзяніса Насуры чацвёра дзяцей, з іх трое — непаўнагадовыя.

Беларускае Радыё Рацыя