Вядзеш гаспадарку, але жывеш у калгасным доме – дармаед!



Старшыня Малецкага сельвыканкама Людміла Саламянюк не дае жыхарцы вёскі Лукомер, 43-гадовай цяжка хворай на анкалогію Святлане Велясевіч даведкі пра тое, што яна мае прысядзібны ўчастак і гаспадарку. Такая даведка патрэбна для прадстаўлення ў падатковую інспекцыю, каб не плаціць падатак на дармаеда. Прычынай нявыдачы даведкі стала нявыкупленая калгасная хата, кажа Святлана Велясевіч:

У нас ёсць прысядзібны ўчастак. Ужо многа гадоў мы трымаем гаспадарку. У мінулым годзе ў мяне было 18 гусей, 52 качкі і 23 курыцы. Усе паперы ў нас ёсць, і падатак мы плацім кожны год.  131 тысячу 400 рублёў падатку на зямлю я ўжо заплаціла ў гэтым годзе.

Старшыня сельвыканкама і адначасова аднакласніца Святланы Велясевіч Людміла Саламянюк не пажадала паясніць сваю адмову ў выдачы даведкі:

А вы адвакат Святланы Велясевіч? У вас ёсць даверанасць на прадстаўленне яе інтарэсаў? Гэтая інфармацыя для яе, а ні ў якім разе не для вас. Для Беларускага Радыё Рацыя такі ж адказ. Усяго добрага!

Святлана Велясевіч не можа заплаціць падатак на дармаеда. Па-першае, няма з чаго; па-другое, яна не лічыць сябе дармаедам. Жанчына вымушана будзе звяртацца вышэй. Хаця яе ў гэтым месяцы чакае дзявятая аперацыя і нервавацца шкодна.

Беларускае Радыё Рацыя