Велікоднае пасланне архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія



З нагоды Найвялікшага для хрысціянаў свята – Уваскрасення Ісуса Хрыста слухачоў нашага радыё віншуе Высокапраасвяшчэнны Арцемій, архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Беларускай праваслаўнай Царквы.

Хрыстос Уваскрос!

Дарагія браты і сёстры, шчыра віншую вас з найвялікшым святам – светлым Хрыстовым Уваскрасеннем! З Пасхай Гасподняй!

Гэтыя велічныя словы пасхальнага вітання будуць гучаць пераможным гімнам жыццю, якое для нас ёсць Хрыстос – у нашых храмах, дамах, сем’ях, а таксама ў сэрцах і душах, напаўняючы іх невычэрпнай радасцю аб Васкрэсным Госпадзе.

Пасха Хрыстова – гэта свята дзівоснай перамогі над смерцю – і цялеснай, і духоўнай.

Бягучы 2017 год асабліва знакавы і для царквы, і для грамадства. Узгадваем драматычныя падзеі, якія разгарнуліся амаль сто гадоў назад на тэрыторыі нашай краіны. У мінулым 20 стагоддзі Праваслаўнай царкве промыслам божым наканавана было прайсці праз суровыя выпрабаванні – тысячы святароў і простых вернікаў перанеслі жорсткія пакуты і нават пакутлівую смерць за веру Хрыстову. Савецкі Саюз быў абвешчаны атэістычнай краінай. З былых рэспублік Саюза менавіта БССР павінны быў стаць узорна-паказальнай атэістычнай рэспублікай.

Беларуская праваслаўная царкава, яе архіпастыры, светары, вернікі разам з усім народам прайшлі крыжовым шляхам Беларусі – ад крывавага віру рэвалюцыі і братазабойчай грамадзянскай вайны, праз гвалтоўныя змены ў грамадскім ладзе жыцця ў 20-х і 30-х гадах мінулага стагоддзя, праз вогненнае гарніла вайны – да атэстычных часоў так званай адлігі і застою.

Як Уваскрэс Хрыстос так і царкава сёння ўваскрасае да новага жыцця. Спраўдзіліся словы Збавіцеля: Збудую Царкву маю і вароты пякельныя не адалеюць яе. З гэтай хвалі атэістычнага вар’яцтва і крывавых рэпрэсій, што накрылі нашу краіну і народ яе, Праваслаўная царква выйшла ўзмацнённай, здолеўшы захаваць свой кананічны лад , іерархію і чысціню веравучэння. Праваслаўная царква распятая, але ўваскрасаючая, зараз адраджаецца і будзем спадзявацца і верыць у тое, што Гасподзь благаславіць сваёй ласкай нашую зямлю і наш беларускі народ, які паступова вяртаецца да сваіх спрадвечных хрысціянскіх вытокаў і каранёў. Светлае Уваскрасенне Хрыстова спалучаецца сёння з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў нашым жыцці.

У светлы дзень Пасхі Гасподняй малітоўна жадаю вам найвялікшай радасці, узаемнай любові і адзінства ў Хрысце.

З Пасхай Гасподняй! Сапраўды Уваскрос Хрыстос!