Вялізны штраф інваліду



Інваліда 2 групы Аляксандра Краўчука з Кобрыньскага раёна пакаралі вялізнымі штрафамі за выкапаны вадаём на сваёй аграсядзібе “Дзевяткі”. Яму трэба заплаціць 240 рублёў за работу без дазволу і больш за 5,5 тысяч  – за нанесеную экалагічную шкоду. Па словах спадара Аляксандра, на гэтым месцы заўсёды быў вадаём, з часам заплыў. Калісьці гэтая зямля  была куплена яго прадзедам. Потым перайшла дзеду. У дзеда зямлю саветы адабралі, унука за гэтую зямлю цяперашнія ўлады жорстка пакаралі, кажа Аляксандр Краўчук:  

— Чалавека, які праяўляе ініцыятыву, заўсёды караюць. У маім выпадку, будучы інвалідам, намагаўся  выпаўзці з галечы, у якой я апынуўся пры гэтай жабрацкай пенсіі, дык мяне топяць яшчэ глыбей. Лемешэўскага за завод ніхто не штрафуе, хоць людзі, палова Берасцейскай вобласці, супраць яго.

Паводле  Краўчука, калі яшчэ ён быў здаровы, перарабіў хату дзеда, падвёў за свае грошы газ і электрычнасць. Як стаў інвалідам, вырашыў з яе зрабіць аграсядзібу.

Мужчына не ўяўляе, як выплаціць штраф амаль 6000 рублёў пры пенсіі 307 рублёў. На яго ўтрыманні двое дзяцей.

Цяпер Краўчука чакае эканамічны суд.

Беларускае Радыё Рацыя