Вянок памяці па Міхалу Анемпадыставу



Заўчасна ўначы памёр знакаміты беларускі дызайнер, графік, фатограф, паэт і перакладчык Міхал Анемпадыстаў. Які ўсёй маладзёвай Беларусі – і   не толькі – вядомы як аўтар тэкстаў культавага “Народнага альбому”.

 Папярэджу адразу – усе, з кім я гутарыў – а гэта розныя па ўзросту і прызванню паплечнікі, сябры, сутворцы Міхала – яшчэ не адышлі  ад шоку, звязаным з ягоным зыходам з гэтага жыцця. Таму гаварылі, слоў не абіраючы…

Вянок памяці склалі Лявон Вольскі, Павел Севярынец, Вінцук Вячорка, Зміцер Падбярэзскі, Алесь Памідораў.

Міхал Анемпадыстаў у крытычным стане быў дастаўлены ў лякарню пасля таго, як у ноч на 23 студзеня нібыта заснуў ля кампутара. Назаўжды… Яму было 53…

Лявон Вольскі: Нечакана, што проста словаў няма. Хацелі заняцца адтэрмінаваным праектам, з песнямі мыслярскімі, рыбацкімі, марскімі. Частка была зроблена. Нядаўна ён мне тэлефанаваў, павінны былі сустрэцца днямі.

РР: Я зараз згадаў, што калі быў Спеўны сход, дзе Міхал выступаў. Як ён радаваўся, калі бачыў, як сотні людзей падхоплівалі яго песні.

Лявон Вольскі: Не зразумела логіка жыцця – чаму так адбываецца.

РР: Што зрабіў Міхал сэнсава для беларускай моладзі, для Беларусі?

Павел Севярынец: Яго шэдэўры, такія як “Народны альбом” – гэта вехі найноўшай беларускай культуры. Таму, канешне, страта Міхала Анемпадыстава – гэта вялікая страта для ўсёй Беларусі. Мы ўсе памятаем уздым “Народнага альбому” ў канцы 90-х гадоў, калі проста пераасэнсавалі сябе, Беларусь. “Народны альбом” стаў самастойнай з’явай. Цэлыя спектаклі і вялізныя канцэрты ладзіліся на аснове “Народнага альбому”. І гэтая традыцыя будзе працягвацца.

Вінцук Вячорка: Міхал для мяне – гэта члавек, які пашырыў прастору беларушчыны, які ў пэўным сэнсе пачаў задаваць ёй, беларушчыне, новыя каардынаты. Усе яго праекты, усе яго задумы былі прарыўныя. Ці гэта быў “Народны альбом” – рэканструкцыя іншай беларускай цывілізацыі, ці гэта пошукі колеравай гамы Беларусі, ці гэта ягоныя дызайнерскія знаходкі – ва ўсім ён быў надзвычайным, незвычайным і проста вёў за сабой. Для мяне гэта вялікая нечаканасць. І гэта ўдар па  ўсіх, хто яго ведаў, гэта ўдар па беларушчыне.

Зміцер Падбярэзкі: Страцілі сапраўдную асобу ў беларускім мастацтве – як у дызайне, так і ў паэзіі, так і ў музыцы. Крэатыўны быў вельмі чалавек, ціхі, спакойны. Не выпячвай сябе. Ціхенька рабіў сваю справу, якой можна пазайздросціць.

РР: Алесь, колькі песень у “Народным альбоме” ты выконваў?

Алесь Памідораў: Браў удзел у некаторых песнях. Я там падпяваю, падхлопываю. Гэта “Ать-два левой” і “Адэлька”, і “Пад прыгнётам панскім”. І калі мы ўпершыню згралі “Народны альбом”, канцэртную версію, у 1997 годзе, “Простыя словы” мы разбілі на тры куплеты, па персанажах, здаецца, апошні куплет першыя два радкі я выконваю.

РР: Якія ўспаміны ў цябе захаваліся пра Міхала. Ён жа ніколі не ўяўляў сабой такое паняцце, як сёння гавораць “зорка”.

Алесь Памідораў: Ён ніколі не ўяўляў сабой “зорку” і ніколі ён не быў “зоркай”. Але я магу сказаць, што гэта быў чалавек сапраўднага рок-н-ролу. Я маю на ўвазе ўнутраны стан. Міхал быў вельмі дакланым чалавекам у выразах, фармулёўках і ў паданні ўзораў. З ім было вельмі цікава заўсёды. Калі ён чымсьці захапляўся, ён даходзіў да самой сутнасці. Ён быў майстар не толькі імправізацыі, але і дакладна трапляў, як трэба. Знаёмства маё з творчасцю Анемпадыстава пачалося, калі ўбачыў яшчэ ягоныя першыя плакаты ў тадышняй перабудовачнай прэсе. А потым мы пазнаёміліся ўласна. І ён на мяне істотна паўплываў.

Падрабязней – у далучаным гукавым файле:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Спеўны сход “Народнага альбома”.