Вярхоўны Суд : Ларыса Геніюш не падлягае рэабілітацыі



Моладзі БНФ прыйшла чарговая адмова ў рэабілітацыі беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

Рэабілітацыі імя выбітнай паэтэсы і грамадскай дзеячкі актывісты Моладзі БНФ дамагаюцца ўжо даўно. Але на любыя іныцыятывы і спробы неяк ушанаваць памяць жанчыны ўлады рэагуюць катэгарычна і непахісна. Назваць у яе гонар новую вуліцу ў Менску ці ў Зэльве, на радзіме жанчыны — яны лічаць немэтазгодным, ушанаваць яе імя ў назве бібліятэкі — неабгрунтаваным. Яшчэ раней актывісты сабралі і накіравалі ў Генпракуратуру больш за тысячу подпісаў за рэабілітацыю дзеячкі, на што быў дадзены цвёрды і катэгарычны адказ: «Геніюш Л.А. прызнана не падлягаючай рэабілітацыі».

І вось прыйшоў чарговы адказ, цяпер з Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Улады зноў адмаўляць у рэабілітацыі паэткі, спаслаўшыся на пастанову Прэзідыума Вярхоўнага Суда ад 24 лістапада 1999 года, згодна з якой асоба Геніюш не можа быць рэабілітавана «за здзейсненыя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 66 і 76 КК БССР (у рэдакцыі 1928 года)». Нават пры тым, што “злачынствы”, за якія была пакарана Ларыса Антонаўна, ўжо даўно перасталі лічыцца такімі ў Беларусі, а падобных артыкулаў і блізка нама ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь на сённяшні дзень.

Каментуе старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч:

Гэта ўжо чарговая адмова на патрабаванне моладзі БНФ. Мы перадавалі тысячу подпісаў у Генеральную пракуратуру, мы дамагаліся, каб у Зэльве назвалі вуліцу яе імя, і ў Менску таксама, каб уключылі ў школьную праграму. Нам заўсёды пісалі, што гэта неабгрунтавана, што гэта немэтазгодна, што гэта немагчыма і так далей. І вось Вярхоўны суд чарговы раз пацвердзіў гэта. І гэта паказчык таго, што ўлады ніяк не змяняюцца, ніякай мяккай беларусізацыі, як кажуць, таксама няма, бо ўлада як не ўспрымала Ларысу Геніюш, так і дагэтуль не ўспрымае.

Артыкул 66 Крымінальнага кодэкса 1928 года паведамляе, што злачынствам лічыцца… дапамога міжнароднай буржуазіі:

„Аказанне якім бы там ні было спосабам дапамогі той частцы міжнароднай буржуазіі, якая, не прызнаючы раўнапраўя камуністычнай сістэмы, якая прыходзіць на змену капіталістычнай сістэмы, імкнецца да яе звяржэння, а таксама тым, якія знаходзіцца пад уплывам, ці непасрэдна арганізаваным гэтай буржуазіі грамадскім групам і арганізацыям у ажыццяўленні варожай супраць Саюза ССР дзейнасці, цягне — пазбаўленне волі на тэрмін не ніжэй за тры гады з канфіскацыяй усёй ці часткі маёмасці, з павышэннем пры асабліва абцяжарваючых абставінах аж да вышэйшай меры сацыяльнай абароны — расстрэлу ці абвяшчэння ворагам працоўных з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем грамадзянства БССР ці іншай саюзнай рэспублікі і тым самым грамадзянства Саюза ССР і з выгнаннем з межаў Саюза ССР назаўжды”. 

Артыкул 76 датычыць ўсялякай падрыхтоўкі контррэвалюцыйнай дзейнасці.