Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд «хлопцу з бензапілой»



Вярхоўны суд 13 чэрвеня адхіліў апеляцыйную скаргу на прысуд Уладзіславу Казакевічу, які 8 кастрычніка 2016 года напаў з бензапілой на наведнікаў гандлёвага цэнтра «Еўропа», забіўшы адну жанчыну і параніўшы дзвюх.

Прысуд — 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму — пакінуты без зменаў; лічыцца, што ён набыў сілу. Цяпер закон дазваляе толькі апратэставаць прысуд у парадку нагляду.

Невядома, ці будзе гэта зроблена, бо Казакевіча ў суд не дастаўлялі, ягоны абаронца адмовіўся каментаваць вынікі працэсу. Бацька асуджанага Валянцін Казакевіч пасля перапынку ў суд не з’явіўся.

Прызнаныя пацярпелымі сваякі забітай Алены Александронец сустрэлі рашэнне суда апладысментамі, паведамляе svaboda.org.