Вяскоўцам з Гушчыц забаранілі гадаваць свіней



Жыхары вёскі Гушчыцы Гарадзенскага раёна, што ў Абухаўскім сельсавеце, больш не маюць права гадаваць свіней. Сельскае начальства ажыццявіла рэйды па гаспадарках і змусіла зарэзаць жывёл. Таксама людзі былі пазбаўлены даплатаў, прэміяў, якія яны мелі ад калгасу.

Па меркаванні сельскага начальства, вёска ўваходзіць у санітарную зону афрыканскай чумы свіней. А вось, што кажуць вяскоўцы:

– Прыйшлі ў хлеў і фатаграфуюць: “А чаго фатаграфуеце?”. Кажа: “Адкуль у вас столькі гною?”. Я кажу: “Гусей закрываю, курэй закрываю, падсцілаю, быка даглядаю”. Хадзіў намеснік старшыні Брукіш, наш галоўны ветурач Янулевіч хадзіў, хадзіў участковы. Не было ў нас ніколі заражэння. Свае свінні, мы самі сабе гадуем, а не тое што недзе купляем.   

Яны напісалі калектыўны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, каб жыхарам вёсак Гушчыцы і Юравічы сельскага вытворчага камбіната „Абухава” дазволілі трымаць свіней, бо адлегласць да свінафермы большая за два кіламетры, што вызначана санітарнымі нормамі. Забяспечыць свежым мясам жыхароў вёсак вельмі складана – найбліжэйшая крама знаходзіцца ў вёсцы Абухава ў шасці кіламетрах ад іх жытла:

– У Абухаве заўсёды вялікая чарга, туды трэба ехаць з раніцы гадзін у сем. А што нам аўталаўка, якая ездзіць па вёсцы, што аўталаўка нам прывязе? Мяса не будзе свежым, а ў нас у Абухаве ўсё свежае. Я больш за трынаццаць гадоў прапрацавала ў калгасе, скарацілі дойны статак і мы ўсе пайшлі пад скарачэнне.

Ад Адміністрацыі прэзідэнта і пракуратуры было накіравана ўведамленне да заяўнікаў, што мясцовае начальства само разбярэцца з іх праблемамі. Такім чынам, людзі засталіся без даплатаў і без свіней, а некаторыя нават без працы.

Беларускае Радыё Рацыя