Вясковец знайшоў на агародзе колы ад жорнаў на іўрыце



Слонімец Аляксандр Раеўскі, які мае дачу ў вёсцы Хадзявічы, на прысядзібным участку знайшоў два старыя каменныя колы ад жорнаў.

На адным з колаў аказаўся тэкст на іўрыце. Мужчына падумаў, што тэкст на татарскай мове і звярнуўся да слонімскага імам-старшыні аб’яднання мусульман Слонімшчыны Сулеймана Байрашэўскага. Спадар Байрашэўскі паглядзеў на каменныя колы і тэкст і сказаў, што гэты тэкст напісаны на іўрыце. Ён патэлефанаваў у Менск у габрэйскую арганізацыю, дзе яму параілі аднесці колы на старыя габрэйскія могілкі, якія сёння аднаўляюцца і там ствараецца мемарыяльны комплекс памяці габрэяў і заснавальніка слонімскіх хасідаў Аўраама Вайнберга. Маўляў, як сказалі ў Менску, “жывое з мёртвым не ўжываецца”.

Аляксандр Раеўскі і Сулейман Байрашэўскі аднеслі каменныя колы з тэкстам на старыя габрэйскія могілкі і пакінулі іх там.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара