Вясковыя жанчыны і іх бізнес
Яшчэ ў 2016 годзе стварэнне бізнес-інкубатара ў вёсцы Камарова на Мядзельшчыне было пад пытаннем з-за некаторых бюракратычных непаразуменняў, а сёння на яго базе ўжо актыўна працуе “Школа сельскага бізнесу”, дзе могуць вучыцца жыхары Мядзельскага, Смаргонскага, Астравецкага і Пастаўскага раёнаў. Запланавана чатыры наборы слухачоў.
30 верасня слухачы першага набору закончылі навучанне і прэзентавалі свае праекты. Журы выбрала 4 цікавыя ідэі з 12, на рэалізацыю якіх выдаткуюць ад двух да 10 тысяч еўра.
Сярод пераможцаў былі дзве жыхаркі Смаргоншчыны – Вераніка Шчуроўская і Аляксандра Чыжэўская. Дзяўчаты – зямлячкі і аднакласніцы – распавядаюць пра сваю справу і навучанне ў “Школе сельскага бізнесу”. Прапануем размову з пачынаючымі бізнэс-лэдзі Смаргоншчыны.
РР: Вераніка, раскажыце пра свой удзел у праекце і пра сваю справу.
– Вельмі рада, што даведалася пра праект і падала заяўку. Школа дала мне добрыя веды ў плане развіцця сваіх задумак, ідэй, а таксама шмат знаёмстваў з цікавымі людзьмі. Вельмі ўдзячна трэнерам, а таксама Але і Эдуарду Вайцяховічам, што дапамагалі кожнаму з нас і прымалі шчыра ды па-сяброўску ў Камарова.
Мой бізнэс – гэта вышыванне. Вышываю з 13 год і ўдзячна за гэта захапленне сваёй настаўніцы фізікі Міхалкоўскай Валянціне Сцяпанаўне, якая падарыла мне кнігу “Вышыўка крыжыкам”. Цяпер гэта не толькі захапленне, але і справа жыцця: я вышываю заўжды, паўсюль і на чым толькі магчыма.
Мая першая бізнэс-ідэя – адзенне для абраду хрышчэння дзетак у царкве ці касцёле. Гэта вельмі важна і насамрэч няпроста – знайсці штосьці асаблівае, і я сама калісьці сутыкнулася з такой праблемай. Другая ідэя – этна-сумкі (ільняныя сумкі з беларускім арнаментам). Атрыманы грант дае мне магчымасць набыць патрэбнае абсталяванне, наняць швачку, зрабіць сертыфікацыю. Падчас замоваў бывае шмат, і я адна не магу ўсё паспець – і шыць рэчы, і аздабляць іх вышыўкай.
Прэзентацыя ідэі. Вераніка Шчуроўская.
РР: Часцей людзі замаўляюць ручную ці машынную вышыўку?
– У асноўным у мяне ідзе ручная вышыўка: гэта ж рамёствы… Але бывае замаўляюць машынную вышыўку: працу робіць машына па пэўнай праграме – гэта танней і хутчэй!
Для таго, каб прафесійна ствараць адзенне для дзетак, мне патрэбна сертыфікацыя і адкрыццё свайго ІП. Хацелася б адкрыць сваю інтэрнэт-краму і выйсці на новы прафесійны ўзровень. Адзення не вельмі высокай якасці ў нас хапае, а вось якасны падыход, падыход індывідуальны – гэта рэдкасць… Між тым чалавек нараджаецца адзін раз – і абрад хрышчэння таксама адбываецца аднойчы, і гэта вельмі важна. Самае дарогое для мяне не грошы, а размова з замоўцам, падбор арнаменту і… званок пасля падзеі: “Дзякуй вам! Маё дзіцё было самае прыгожае!”
У свой час я сутыкнулася з такой праблемай: мяне пазвалі хрысціць дзіця, хлопчыка, а я не змагла знайсці нічога прыстойнага па сваім гусце. Села за стол, зрабілала эскіз, вышыла.
РР: Якім бычыце сваё жыццё і працу праз пяць год?
– Два гады таму я кардынальна змяніла сваё жыццё і сваю працу. Вельмі спадзяюся, што мая справа будзе развівацца і далей паспяхова. Хацелася б мець сваё невялікае прадпрыемства і даць працу менавіта вясковым жанчынам, бо знайсці добрую працу ў сельскай мясцовасці вельмі цяжка, асабліва калі маеш маленькіх дзетак. Мару набыць памяшканне і распрацаваць свой брэнд адзення – адзення з беларускім арнаментам.
Аляксандра Чыжэўская плануе адкрыць вытворчасць экалагічных драўляных вокнаў:
– Гэта быў вельмі цікавы праект з насычанай праграмай. Найлепшае ўражанне пакінулі гаспадары аграсядзібы і Сельскага бізнэс-цэнтра – Ала і Эдуард Вайцяховічы. Вельмі цікавая кампанія “аднагрупнікаў” склалася ў нас, вельмі цікавыя людзі з рознымі ідэямі, пачынаючы ад сельскага аграэкатурызма, жывёлагадоўлі і заканчваючы сур’ёзнай вытворчасцю. Было вельмі шмат творчых дзяўчат, што займаюцца вязаннем, шыццём, вышыўкай.
5 сесій па 3 працоўныя дні… Навучэнцы школы былі абсалютна розных узростаў, але ўсе без выключэння людзі развітыя і матываваныя. Нават непрацоўны час, час пасля заняткаў, мы скарыстоўвалі карысна – усім было што расказаць і было чым падзяліцца. У нас былі цудоўныя настаўнікі, трэнеры, якія гнутка рэагавалі на ўсе нашы просьбы і падстройваліся пад нас: усё ж бізнэс у вёсцы мае сваю спецыфіку.
Сутнасць маёй бізнэс-ідэі – вытворчасць экалагічных акон з сасновага бруса. Магчыма, справа гэта не зусім жаночая (вытворчасць і дрэваапрацоўка), але насамрэч гэта справа сямейная і лагічны працяг таго, чым усё жыццё займаецца мой бацька. Працуем у камандзе!
Школа для вясковых бізнэсмэнаў у Камарове працуе ў межах праекта „Развіццё сельскіх тэрыторый у РБ: павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва шляхам стварэння бізнес-інкубатара”, які фінансуецца Еўрасаюзам і праграмай малых грантаў ЗША. Бюджэт праекта – 588 тысяч еўра. Праект рэалізуецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Экапартнёрства» (Менск) і грамадскім аб’яднаннем «Жанчыны за адраджэнне нарачанскага краю» (Камарова, Мядзельскі р-н). Сярод пераможцаў першага набору школы Вераніка Шчуроўская і Аляксандра Чыжэўская з аг. Залессе Смаргонскага раёна, Людміла Стручко з вёскі Тракелі Астравецкага раёна і Святлана Сенькавец з вёскі Паўлюгі Пастаўскага раёна.
Першыя выпускнікі школы бізнэсу ў Камарове і каманда праекта.
Дар’я Ліс, Смаргонь, для Радыё Рацыя
Фота з асабістага архіву суразмоўцаў і з сайта ecopartnerstvo.by
