Вясна і вайна

Прыйшла вясна і… неяк дзіўна — але, здаецца, што навокал і ўва мне асабіста веснавой радасці няма. Яна, мабыць, спозненая і крыху дзіўнаватая ў гэтым годзе. Зацягнулася са сваім прыходам — без успышкі цяпла, затое з халоднымі начамі, не надта цёплымі днямі і парывістымі вятрамі. Вее так, што прадуць і шкоды здароўю нарабіць можа ў кожную хвіліну. Калі званю брату, які зараз у бацькоўскім доме праводзіць рамонт, то адным з яго штодзённых клопатаў з’яўляецца тое, каб толькі вецер не паламаў ці разваліў гаспадарскіх збудаванняў. А тое, што скрадзе нейкую шмотку, ці вопратку, якая сушыцца на дварэ, то за такімі дробязямі ніхто ўжо і вухам не вядзе. Абы толькі вятруга большай шкоды ці бяды не нарабіла. Прапалі кароткачасовыя веснавыя буры і праліўныя, цёплыя дажджы, пасля якіх з неверагоднай хуткасцю і яркасцю колераў красуні вясны ўсё імгненна ўецца ўгару — да сонца і неба. Нават магутны каштан, які расце за маім акном беластоцкай кватэры, упершыню за чвэрць стагоддзя майго тут жыцця спазніўся сёлета расквітнець на пачатку матуральных, майскіх экзаменаў на атэстат сталасці. А расквітнеўшы ў кутку будынка акурат на мінулых выходных фіялетавы без, мае нейкі бледны, ненасычаны яркасцю глыбінны колер. Быццам, толькі расквітнеўшы, засаромеўся, таму хоча ўжо адразу і працвісці.
Таксама дасведчаныя земляробы і хатнія гаспадыні адтэрміноўвалі сёлета закладку агародаў, бо зямля надта халодная і сухая. Сухавата і на палях, таму размовы пра магчымы неўраджай у гэтым годзе не раз і не два гасцююць у размовах з тымі, хто яшчэ гаспадарыць. Але не трэба быць і земляробам, каб адчуць ва ўласнай кішэні, што інфляцыя з’ядае нашы грошы, а цэны на прадукты харчавання — і зернявыя, і садавінна-агародныя ў гэтым годзе ўжо надта высокія. Дастаткова зайсці за пакупкамі ў краму, ці на нейкі рыначак, каб, паглядзеўшы на цэны тавараў і заціснуўшы зубы, плаціць, як гаварылася ў нас у прымаўках, быццам за збожжа.
Ізноў, хочам, ці не хочам, але вайна і вясна з сабою тут неразлучна звязаныя. Спецыялісты лічаць, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін і ягоныя войскі з вялікай заядласцю пераймаюць і блакуюць продаж украінскага збожжа і іншых прадуктаў харчавання, каб штучна выклікаць сусветны голад і пры яго дапамозе шантажаваць сусветную супольнасць ды адкрыць чарговы фронт і хвалю некантраляванай эміграцыі з бедных краін у багатую Еўропу і Амерыку. Ну і таксама ваеннымі дзеяннямі, абстрэламі, мінаваннем не дапусціць да завяршэння веснавой пасяўной на ўкраінскіх палях, каб экспартная сіла ўкраінскай гаспадаркі значна паменшылася. Прывід маштабнага сусветнага голаду і звязаных з тым хваляванняў — гэта не чарговыя літаратурныя ўяўленні, але дакументальная рэальнасць 2022 года. Тут расейцы дасягнулі поўнасцю поспехаў, пераймаючы ўкраінскія парты на Чорным і Азоўскім морах, блакуючы суднавы гандаль на гэтым абшары, урэшце знішчаючы таксама інфраструктуру на гэтай тэрыторыі. Знішчэнне ў выніку ракетных абстрэлаў і бамбардаванняў украінскай жалезнадарожнай структуры і нафтаперапрацоўчых баз, пакража сялянскай тэхнікі — гэта таксама ваенныя мэты, апрача мілітарных і палітычных.
А можа ў вясны не ўласцівае ёй аблічча — можа тая сусветная халера, ваенная напруга такім чынам уздзейнічае на нервовую прыродную сістэму. Наглядзеўшыся на боль і бяду чалавечага свету, адвечная прыродная прыгажосць таксама застыла ў нейкай сарамлівасці і чаканні часу свайго радавання. Невядомыя тут Божыя ўказанні і знакі, якіх мы проста не адчытваем, або проста не заўважаем. А вакол не да канца вызначанай яшчэ халоднай вясны, кашмару слёз, болю і чалавечых трагедый расейска-ўкраінскай вайны, прыходзяць штодзённыя сумныя весткі пра хваробы і смерці сяброў і родных, цярпенні калег і знаёмых ад масавага пераследу дыктатуры лукашызму ў Беларусі, а таксама незайздроснага лёсу ўсіх тых, якім выпала стаць палітычнымі, ваеннымі, эканамічнымі бежанцамі. Калісьці мы ў гэтай частцы свету ў выпадку беларускай рэальнасці гаварылі, што маем вайну без аб’яўленай вайны. А зараз тут усё…. І тое, што дабівае кожнага — нагрузка інфармацыйнай вайны не ў змозе быць ужо ўспрымальнай нашымі мазгамі. Дурэем тады, кожны па-свойму ад пабачанага і пачутага.
Яўген Вапа, тыднёвік Ніва”, №21, 2022 год
ранейшыя артыкулы аўтара:
