Алена Анісім – новая старшыня ТБМ (абноўлена)



Адбыліся выбары новага старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У Менску 29 кастрычніка праходзіў справаздачна-выбарчы сход грамадскага аб’яднання, на які з’ехалася каля сотні чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі.

За хадой правядзення выбараў назіраў наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:

– У выніку першых гадзінаў паседжання быў выбраны новы старшыня арганізацыі – Алена Анісім. За яе прагаласавала пераважная большасць дэлегатаў з’езду. Таксама абраны першы намеснік, ім стаў Уладзімір Колас. Яшчэ тры намеснікі – гэта Станіслаў Суднік, Аляксандр Давідовіч і Дзяніс Тушынскі. Частка дэлегатаў-удзельнікаў з’езду прапанавала абнавіць ва ўзроставым сэнсе кіруючыя структуры арганізацыі. На з’ездзе таксама скарацілася колькасць прадстаўнікоў Рады ТБМ. Зараз іх будзе значна менш – ужо 37. Яшчэ наперадзе застаецца прыняццё праектаў, пастаноў, а таксама стратэгіі развіцця арганізацыі на наступныя тры гады.

Выбары новага старшыні ТБМ прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове. З 1999 года і да гэтага часу арганізацыю ўзначальваў вядомы даследчык, археолаг Алег Трусаў. Да яго – Генадзь Бураўкін і Ніл Гілевіч. Цяпер жа Алег Трусаў абраны ганаровым старшынём арганізацыі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім найбліжэйшыя тры гады будзе ўзначальваць грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Рашэнне аб выбранні Анісім старшынёй арганізацыі прынялі дэлегаты XIII з’езда ТБМ 29 кастрычніка ў Мінску.

За кандыдатуру Анісім выказаліся 87 дэлегатаў, супраць — два, устрымаліся — тры. Выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове.

Сёння ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау пройдзе XIII справаздачна-выбарны з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ).

Згодна з планам, з’езд пачнецца выбарамі прэзідыума і сакратарыята з’езда, а таксама чальцоў падліковай, мандатнай і рэдакцыйнай камісій. Затым старшыня ТБМ Алег Трусаў выступіць са справаздачным дакладам аб дзейнасці аб’яднання за 2015—2017 гады.

Цэнтральнай падзеяй з’езда стануць выбары новага кіраўніцтва арганізацыі — старшыні, яго намеснікаў, рады і рэвізійнай камісіі. Трусаў, які ўзначальвае аб’яднанне з кастрычніка 1999 года, неаднаразова заяўляў, што не будзе балатавацца на новы тэрмін старшынства. Вялікая верагоднасць, што пасаду зойме першы намеснік старшыні аб’яднання дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім. Згодна з наяўнай інфармацыі, яе кандыдатуру вылучылі больш за ўсё чальцоў ТБМ.

На з’ездзе таксама плануюць выбраць ганаровага старшыню аб’яднання. Хутчэй за ўсё, ім стане Трусаў. Былыя ганаровыя старшыні ТБМ Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін памерлі некалькі гадоў таму.

З’езд зацвердзіць новага галоўнага рэдактара і склад рэдакцыйнай калегіі газеты ТБМ „Наша слова”, а таксама прыме некалькі заяў і рэзалюцыю.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны заснаванае ў 1989 годзе для падтрымкі і развіцця беларускай мовы і культуры, а таксама абароны лінгвістычных правоў грамадзян. Да красавіка 1997 года ТБМ узначальваў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Затым на працягу двух гадоў арганізацыяй кіраваў паэт, журналіст і дыпламат Генадзь Бураўкін. Восенню 1999-га старшынёй ТБМ быў абраны археолаг, гісторык беларускай архітэктуры, выкладчык, палітычны і грамадскі дзеяч Алег Трусаў.

ТБМ праводзіць грамадскія кампаніі ў абарону беларускай мовы, аказвае юрыдычную дапамогу тым, хто зведвае дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце, распрацоўвае законапраекты, скіраваныя на раўнапраўнае суіснаванне ў краіне дзвюх дзяржаўных моў (беларускай і рускай). Аб’яднанне выдае два штотыднёвікі і часопіс, прысвечаныя беларускай мове, культуры і моўным правам, праводзіць тэматычныя моўныя семінары, канферэнцыі, спаборніцтвы і святы, піша БелаПАН.

Беларускае Радыё Рацыя