Выйшаў на волю Віктар Мароз



30 чэрвеня пад поўдзень з СІЗА № 1 Менска выйшаў яшчэ адзін фігурант справы „Белага легіёна” — кіраўнік адной з менскіх фірмаў, якія займаюцца дыстрыбуцыяй, былы член „Белага легіёна” Віктар Мароз. Пра гэта паведаміла грамадская актывістка Ніна Шыдлоўская.

Віктар Мароз

У СІЗА пакуль застаецца Міраслаў Лазоўскі — памочнік дырэктара выдавецтва „Кнігазбор”, лідар „Белага легіёна” (арганізацыя не існуе ўжо больш за 15 гадоў).

Пра тое, што астатнія два фігуранты крымінальнай справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання павінны быць вызваленыя з СІЗА 30 чэрвеня, паведаміў сёння журналістам старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.

„Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. У дадзены момант мы мяркуем, што падстаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе не маецца, і таму прынялі такое рашэнне. Што тычыцца перспектыў, то пра іх казаць рана — усё пакажа следства”, — сказаў ён.

За апошнія тры дні пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА адпушчана 12 абвінавачаных па гэтай справе.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра „баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”. КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён”, афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт). Пазней частцы абвінавачваных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Пасля таго як КДБ спыніў першую справу (ч. 3 арт. 293), арыштаваныя заставаліся пад вартай у рамках другой крымінальнай справы сярод 14 яе фігурантаў.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа „Белага легіёна” да суда. „Справа ў тым, што следства аб’ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур’ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб’ектыўна разабрацца”.

18 мая кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын паведаміла, што ЕЗ будзе ўважліва сачыць за так званай справай „Белага легіёна”.

Шэраг назіральнікаў звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Менску 5—9 ліпеня. У ёй чакаецца ўдзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.

БелаПАН